Трыццаць чалавек пікетавалі прадстаўніцтва "Фальксвагена" у Нью-Ёрку
Прыкладна 30 чалавек пікетавалі 21 красавіка прадстаўніцтва аўтаканцэрна "Фальксваген" у Нью-Ёрку.
Як паведамляе прэс-служба Беларуска-амерыканскага задзіночання, удзельнікі пікета пратэставалі супраць спансавання кампаніяй "Шкода", 100% акцый якой належаць "Фальксвагену", чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Мінску.
Як зазначаецца ў паведамленні, да таго часу, пакуль "улада ў Беларусі кантралюецца аўтарытарным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, такога кшталту спансаванне раўназначнае фінансавай падтрымцы афіцыйных беларускіх уладаў".
Удзельнікі пікета правялі паралель паміж арганізаванымі ў Мюнхене ў 1936 году Алімпійскімі гульнямі, якія выкарыстоўваліся для прапаганды "дасягненняў новых уладаў" у гітлераўскай Германіі, і чэмпіянатам свету па хакеі ў 2014 годзе, які беларускія ўлады выкарыстоўваюць з мэтай прапаганды "дасягненняў рынкавага сацыялізму".
Удзельнікі пікета патрабавалі неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі палітзняволеных у Беларусі і правядзення свабодных дэмакратычных выбараў.
Сярод удзельнікаў пікету былі старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазняк (фота 3, 5), адзін з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскага задзіночання Ала Орса-Рамана, кіраўнікі арганізацыі "Беларусь у выгнанні" Дзмітрый Шчыгельскі, Яўген Іванюк, Юрый Зянковіч, Вікторыя Малаева.