Леанід Аўтухоў: "Мяне выклікаюць у міліцыю як крымінальніка?"
Як вынікае з позвы, атрыманай кіраўніком Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ, яго выклікае на допыт супрацоўнік крымінальна-вышуковай службы Кастрычніцкага РАУС. Позва выпісана на 24 красавіка.
"Позва такая, нібыта мяне выклікаюць па нейкай крымінальнай справе. Там напісана: "У выпадку няяўкі без грунтоўнай прычыны Вы на падставе артыкулаў 130, 216 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса будзеце падвергнутыя прымусовай дастаўцы". Кодэкс згаданы. Але па якой канкрэтна справе мяне выклікаюць і ў якой якасці я мушу з'явіцца ў міліцыю, не напісана нічога”, -- распавёў Леанід Аўтухоў .
Актывіст не ведае за сабой нічога крымінальнага. І мяркуе, што, верагодна, позву даслалі менавіта з такім зместам, каб застрашыць ды змусіць з'явіцца.
17 красавіка яму тэлефанавалі з Кастрычніцкага РАУС з запрашэннем зайсці на гутарку. Спыталі, ці ведае ён Закон аб СМІ. На ягоную думку, выклік можа быць звязаны з яго мінулым затрыманнем 22 сакавіка: у той дзень яны з аднапартыйцам Кастусём Смолікавым распаўсюджвалі партыйны бюлетэнь "Магістрат" у гандлёвым цэнтры "Эвіком". А праз некалькі дзён пасля затрымання суд Кастрычніцкага РАУС прызнаў Смолікава і Аўтухова вінаватымі ў адміністрацыйным правапарушэнні – нібыта яны заклікалі жыхароў Віцебску паўдзельнічаць у несанкцыянаванай акцыі ў Дзень Волі. Абодва актывісту адбылі па 5 сутак арышту.
Адкуль маглі ўзяцца крымінальныя падазронні да яго, Леанід Аўтухоў не ведае. Але не выключае, што выклік у міліцыю можа быць звязаны з тым, што ён падаваў заяўку на правядзенне 26 красавіка мітынгу, прысвечанага ўгодкам Чарнобыльскай трагедыі. Днямі ён атрымаў паведамленне, што мітынг адміністрацыя Чыгуначнага раёну забараніла.