У Віцебску зноў забаранілі пікет з-за "сезонных захворванняў"
Сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў ужо трэці раз не можа заключыць дамову з медыкамі на абслугоўванне масавай акцыі . Пікет, прысвечаны ўгодкам Чарнобыльскай трагедыі, забаронены мясцовымі ўладамі якраз на падставе таго, што няма дамоўленасцяў з паліклінікай і міліцэйскай управай.
Прычына адмовы абласной міліцэйскай управы – наогул цяжкая для разумення, лічыць Ян Дзяржаўцаў:
"Мне напісалі, што дамовы заключыць не могуць, паколькі ў абласной управе няма графіку гарадскіх мерапрыемстваў на апошнюю дэкаду красавіка. Бо толькі сыходзячы з маштабу канкрэтнага мерапрыемства міліцэйскае начальства можа вызначыцца, колькі туды даслаць супрацоўнікаў. А пры чым тут ініцыяваная мной асабіста акцыя? Зразумела, што яе выканкам у свае пляны не ўключаў. І калі нейкія пляны ў міліцыю не даслалі, то няхай на выканкам і скардзяцца! З пікетам, які замаўляў я, усё зразумела: у заяўцы пазначана і колькасць удзельнікаў, і месца правядзення. Ігар Скарыновіч, які падпісаў ліст, проста дурыць мне галаву: маўляў, звярніцеся ў міліцыю пазней – можа, да таго часу мы будзем ведаць графік імпрэзаў… Толькі б не заключаць дамову, без якой, ведаюць міліцыянты, акцыя дазволена не будзе".
Спадар Дзяржаўцаў згадвае, што і раней міліцыя адмаўлялася заключаць з ім дамовы. Але па розных прычынах, хоць часам самых фантастычных. А вось гарадская паліклініка над варыянтамі не раздумвае: ён там адзіны на ўсе выпадкі жыцця, гаворыць актывіст:
"Зноў атрымаў адмову, што медыкі дужа занятыя ў сувязі з абвастрэнне сезонных захворванняў. Такія абвастрэнні ў іх здараюцца штомесяц: у лютым сэзонныя захворванні абвастрыліся, калі я замаўляў імпрэзу да ўгодкаў паўстання Кастуся Каліноўскага. У сакавіку абвастрэнняў чакалі якраз у Дзень Волі. Цяпер, здаецца, пацяплела, аднак – не: зноў паабвастраліся захворванні напярэдадні 26 красавіка!"
Адзіная структура, дзе не адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з
віцебскімі актывістамі – гэта гарадскія камунальныя службы. Але адной дамовы
мала: паводле рашэння Віцебскага гарвыканкаму №881, патрэбныя ўсе тры. Тым не
менш, медыкі і міліцыя "непахісныя" у сваім памкненні пазбегнуць
дамоўленасцяў з актывістамі. І таму сёлета ў Віцебску забаронены ўсе тры імпрэзы да
ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС: апрача Яна Дзяржаўцава, заяўкі на жалобныя
мітынгі падавалі кіраўнік абласной структуры Руху "За Свабоду"
Хрыстафор Жаляпаў і кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў.