Праваахоўчыя органы ўпарта ігнаруюць скаргі збітай міліцыянтамі жанчыны
Больш за два гады цягнецца разбіральніцтва наконт прымянення фізічнай сілы маладзечанскімі міліцыянтамі ў адносінах да маладой маці Алесі Садоўскай.
У навагоднюю ноч жанчына знаходзілася ў начным клубе “НЭО”, дзе неўзабаве не магла знайсці свой мабільны тэлефон. Яна папрасіла адміністрацыю выклікаць міліцыю, аднак усё скончылася тым, што жанчыну завезлі ў пастарунак, там да яе прымянялі фізічную сілу і пасля яшчэ вынеслі абвінавачванне ў адміністратыўным правапарушэнні.
Жанчына прайшла ўсе судовыя інстанцыі – ад раённага да Вярхоўнага суда. Звярталася ва ўсе праваахоўчыя органы – раённыя, абласныя, рэспуліканскія. Аднак прадстаўнікі ўлады ўпарта ігнаруюць заявы і аргументы Алесі Садоўскай. Напрыклад, пракуратура Мінскай вобласці чатыры разы адмяняла праверку па факце збіцця жанчыны.
У сеціве нават з’явілася відэа з Маладзечанскага РАУС, дзе бачна, як міліцыянты перавышаюць свае паўнамоцтвы.
“Праваахоўчыя органы не хочуць прызнаваць відавочнае, што з боку міліцыі сапраўды былі сур’ёзныя парушэнні. У такім выпадку павінна быць заведзена крымінальная справа. І тады ўзнікае пытанне аб прафесійнасці нашых органаў, - кажа Алеся Садоўская. – Але я ўсё адно буду адстойваць свае правы і настойваць, каб было праведзена належнае расследаванне па факце майго збіцця ў Маладзечанскім РАУС”.
На мінулым тыдні жанчына падала скаргу ў Галоўнае ўпраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Гэта не адзінкавы выпадак, калі грамадзяне звяртаюцца са скаргамі адносна збіцця з боку міліцыі. У Лідзе і Мінску зараз праводзіцца праверка адносна неправамоцных дзеянняў міліцыянтаў.