viasna on patreon

На Леаніда Аўтухова склалі пратакол за парушэнне Закону аб СМІ

2013 2013-04-24T13:53:36+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/autuhou-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кандыдат па Віцебскай сельскай акрузе №21 ад ПБНФ Леанід Аўтухоў

Кандыдат па Віцебскай сельскай акрузе №21 ад ПБНФ Леанід Аўтухоў

"Мяне вінавацяць у тым, што была перавышана колькасць асобнікаў партыйнага бюлетэня "Магістрат", які мы раздавалі 22 сакавіка. Але тыя асобнікі ніхто пры нас не лічыў, і адкуль узялася выніковая лічба, мне невядома. Акрамя гэтага, на сённяшні дзень усе асобнікі мусілі быць знішчаныя. Аднак – не, яны фігуруюць у маёй новай адміністрацыйнай справе", -- гаворыць старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ.

24 красавіка Леаніда Аўтухова выклікалі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі Віцебска, дзе азнаёмілі з пратаколам пра парушэнне заканадаўства аб СМІ  Загадалі даць тлумачэнні, кажа актывіст:

"Я так і напісаў: на бюлетэні "Магістрат" пазначаны наклад – 299 асобнікаў, гэта не перыядычнае выданне, і яно не падлягае абавязковай рэгістрацыі. Як лічылі тыя асобнікі, што ў нас былі, я не ведаю. Гэта пры нас не рабілі. Стос бюлетэняў забралі, а потым прыйшоў міліцыянт і сказаў таму, хто складаў паперы: "Пішы -1 080 асобнікаў".

Падзеі, пра якія распавядае спадар Аўтухоў, здарыліся яшчэ 22 сакавіка, напярэдадні Дня Волі. У той дзень яго разам з аднапартыйцам Кастусём Смолікавым затрымалі ў гандлёвым цэнтры "Эвіком". На абодвух склалі пратаколы за парушэнне заканадаўства аб масавых акцыях: маўляў, у бюлетэні "Магістрат" было запрашэнне на мітынг 25 сакавіка, забаронены мясцовымі ўладамі.

Падчас суду Кастусь Смолікаў спрабаваў тлумачыць суддзі Іне Грабоўскай, што распаўсюд бюлетэня да масавых акцый дачынення не мае. Але яна прысудзіла абодвум актывістам па 5 сутак арышту. Палову з гэтага тэрміну яны адбылі ў ІЧУ яшчэ да суду, бо іх затрымалі ў пятніцу, і трымалі пад вартай да панядзелка – дарэчы, парушыўшы заканадаўчую норму пра тое, што суд мусіць адбывацца не пазьней як праз 48 гадзін пасля затрымання…

Паводле рашэння суду, усе рэчавыя доказы мусілі быць знішчаныя. Але асобнікі "Магістрату" захавалі да сённяшнягя дня, гаворыць Леанід Аўтухоў:

"Судовая пастанова ўступіла ў сілу, але "Магістрат" цэлы! Як мне сказалі, пасля суду пра гэта нібыта хадайнічала кіраўніцтва Кастрычніцкага РАУС. Я пра гэта таксама нічога не ведаў, як не ведаў пра "падлікі", што адбываліся  без маёй прысутнасці. Я лічу, што  адміністрацыйны пераслед – гэта  ціск на апазіцыю. Каб  баяліся сказаць хоць слова пра свае погляды, каб не маглі даносіць свае ідэі да іншых людзей, каб зрабіць недаступнай любую праўдзівую інфармацыю".

Старшыню віцебскай арганізацыі Партыі БНФ зноў чакае суд. Дату працэсу пакуль не прызначылі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства