Уладзя Яроменка адправілі ў турму на Акрэсьціна
У 14:40 Валянціна Цюрава праводзіла свайго
хлопца Ўладзя Яроменка ў апорны пункт міліцыі Першамайскага раёну. Там
ёй паведамілі, што хлопца завязуць у турму на Акрэсьціна.
Валянціна Цюрава атрымала пастанову суду, які адбыўся 18 красавіка без
удзелу Яроменка. Суд пакараў хлопца 15 суткамі арышту — нібыта
за парушэньне ўмоваў прафіляктычнага нагляду.
Паводле Першамайскага суду, Уладзь Яроменак не знаходзіўся ў сябе
дома ў нейкі прамежак часу з 21 гадзіны вечара
да 6 гадзіны раніцы 24 лютага 2013 году.
Справу разглядаў судзьдзя Юры Гарбатоўскі.
Уладзь Яроменак пайшоў у апорны пункт цалкам падрыхтаваны да турмы.
«Я сабрала для яго вопратку, бялізну, сок, цыгарэты, гігіенічныя сродкі,
карацей, усё, што можна ўзяць на Акрэсьціна. Зараз будзем адлічваць
15 дзён», — сказала Валянціна Цюрава Свабодзе.