Брэст: больш за тысячу подпісаў супраць увядзення платы за наведванне паліклінік
Актывісты Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай
партыі (Грамада) сабралі больш за тысячу подпісаў пад зваротам да мясцовых уладаў
супраць ўвядзення платы за наведванне паліклінік.
Як паведаміў старшыня абласной структуры БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі, зварот
з подпісамі накіраваны на імя старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Віктара
Дзічкоўскага і ў Брэсцкі аблвыканкам, а падставай для яго былі словы
баранавіцкага чыноўніка падчас абмеркавання праекта бюджэту гораду на 2013 год.
Тады Віктар Дзічкоўскі выказаўся за тое, каб была разгледжана магчымасць
увядзення платы ў 5 тысяч рублёў за наведванне паліклінікі.
“Жыхары рэгіёну, якія падпісалі зварот, не толькі выказаліся супраць прапановы
Дзічкоўскага, але і патрабуюць адказаць на пытанне: на падставе якіх звестак
старшыня гарвыканкаму прыйшоў да высновы, што пры ўвядзенні платы за наведванне
паліклінік чэргаў не будзе”, - распавёў
Маслоўскі. Паводле яго словаў, жыхары Брэсцкай вобласці вельмі актыўна ставілі
свае подпісы пад гэтым зваротам, прыходзілі асабіста ў партыйны офіс і дасылалі
лісты па пошце. Акрамя таго, было шмат тэлефанаванняў у падтрымку такога
звароту да ўладаў.