Перайменавання станцыі метро "Плошча Леніна" на "Плошчу Незалежнасці" не будзе
Рыгор Кастусёў атрымаў канчатковы адказ з Мінгарвыканкама, у якім адзначаецца, што ўсе адказы наўсе пытанні яму прадастаўленыя, далейшыя яго звароты разглядацца не будуць.
Намеснік старшыні Партыі БНФ паведаміў пра гэта на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках. Ягоны зварот датычыўся патрабавання выканання рашэння Камісіі Мінгарвыканкама ад 2 сакавіка 2010 года - перайменаванне станцыі метро "Плошча Леніна" на "Плошчу Незалежнасці".
На ранейшыя звароты чыноўнікі адказвалі, што рашэнне не было выканана, паколькі супраць выказалася значная колькасць жыхароў Мінска.
"У газеце "Вячэрні Мінск" №53-54 ад 23.03.2010 г. напісана аб рашэнні Камісіі Мінгарвыканкама ад 2 сакавіка 2010 года па перайменаванні станцыі. Чаму не выканана рашэнне Камісіі? Відаць, гарвыканкамам руляць Упраўленне культуры і Галоўнае упраўленне па ідэалагічнай рабоце Мінгарвыканкама", - адзначыў палітык.
У адказе намесніка начальніка Упраўлення культуры Мінгарвыканкама
С.У. Мядзведзева адзначаецца: "У сувязі з тым, што дадаткова да раней накіраваных Вам адказаў па гэтым пытанні новая інфармацыя адсутнічае, перапіска з Вамі спыняецца на падставе арт.12 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян". Вашы далейшыя звароты па дадзеным пытанні разглядацца не будуць".
Звяртае на сябе ўвагу, што адказ чыноўніка ўтрымлівае граматычныя памылкі. Таксама памылка дапушчаная ў назве закона: "Закон Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян" замест "Закон Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб".