viasna on patreon

Кіраўніка офісу АБСЭ не пусьцілі да палітвязьня Артура Фінькевіча

2007 2007-03-22T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Увечары 21 сакавіка адмiнiстрацыя Магілёўскай выпраўленчай установы № 43, дзе адбывае два гады абмежаваньня волі моладзевы лідэр Артур Фінькевіч, не пусьціла да яго кіраўніка офіса АБСЭ ў Менску Оке Пэтэрсана.

Кіраўніцтва калоніі адмыслова распачала праверку ды пастраеньне на 10 хвiлiнаў раней, чым гэта прадугледжана ўнутраным распарадкам. Наведваць зьняволеных можна да 19.00, але дзьверы ўстановы зачынiлiся дакладна а 18.50 — менавiта ў той момант, як Окэ Пэтэрсан падыходзiў па прыступках да ўваходу. На ганку дыплямата сустрэў маёр Уладзiмер Казлоў, якi перагарадзiў сабою ўваход i катэгарычна адмовiўся пускаць гасьцей у памяшканьне. Адмовiўся ён i ад любых камэнтароў, паведаміла “Радыё Рацыя”.

Cам Фiнькевiч пры гэтым стаяў побач з маёрам, дый яму нават удалося павiтацца за руку з Пэтэрсанам. На гэтым усе кантакты зьняволенага i дыплямата прыпыніліся. Моладзевы актывіст тлумачыць сытуацыю тым, што яго мабiльны тэлефон праслухоўваецца. Пра вiзыт высокага госьця праз тэлефон Фінькевіч даведаўся яшчэ днём. I пасьля гэтага кожны ягоны крок адсочваўся асаблiва пiльна.

За некалькi гадзiнаў да iнцыдэнту ў выпраўленчую ўстанову прыехаў i начальнiк — падпалкоўнiк Аляксандар Ламаза, якi афiцыйна знаходзіцца на бальнiчным бюлетэні. Акрамя таго, пасьля прыходу Фiнькевiча з працы ў вэстыбюлi нечакана на дзяжурства зьявiлiся адразу некалькi афiцэраў, былi нават прадстаўнiкi з Магілёўскага абласнога ўпраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.

22 сакавіка ў кiраўнiка менскага офiсу АБСЭ прызначаная афiцыйная сустрэча з кiраўнiцтвам Магiлёўскага аблвыканкаму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства