Алег Аксёнаў атрымаў другое папярэджанне ад Магілёўскага КДБ
У чарговы раз супрацоўнікі спецслужбы палічылі, што актывіст БХД дзейнічае ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Раніцай 29 красавіка яму патэлефанаваў следчы КДБ Махуноў, які запрасіў яго на сустрэчу ў будынак КДБ. Праз некалькі хвілін актывісту была дастаўлена позва, у якой было пазначана, што яго выклікаюць для размовы на 12-00.
Старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Зміцеру Салаўёву было адмоўлена быць грамадскім прадстаўніком Алега Аксёнава падчас размовы ў КДБ.
Гутарка са следчым КДБ Махуновым працягвалася каля гадзіны.
Падчас яе супрацоўнік спеслужбы паведаміў Алегу Аксёнаву, што нагодай для пастаноўкі на прафілактычны ўлік з’яўляецца дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, а таксама дзейнасць у складзе незарэгістраваных арганізацый – кампаніі па назіранню за выбарамі “За справядлівыя выбары” і Магілёўскай рэгіянальнай кааліцыі дэмакратычных сіл.
“У якасці доказу Махуноў прадаставіў мне раздрукоўкі з розных сайтаў, дзе ўзгадвалася маё прозвішча. Таксама ён пытаў у мяне з якой нагоды я ездзіў у Нарвегію. Я спрабаваў пераканаць следчага, што партыя БХД дзейнічае ад імя свайго аргкамітэта па стварэнню, аднак ён гэта адмовіўся разумець”, - гаворыць Алег Аксёнаў.
Трэба адзначыць, што акрамя Алега Аксёнава на прафілактычным уліку ў Магілёўскай абласной управе КДБ знаходзяцца актывістка БХД Тацяна Шамбалава і старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёў.