Пералік некамэрцыйных арганізацыяў, якія карыстаюцца ільготамі па арэндзе, скарочаны больш як у два разы
Згодна з новай пастановай ураду пра выкарыстаньне паніжальнага каэфіцыенту аплаты за арэнду памяшканьняў, ільготных ставак арэнды пазбаўленыя 256 некамэрцыйных арганізацыяў Беларусі.
30 красавіка Савет Міністраў прыняў пастанову № 327 “Аб зацьвярджэньні пераліку грамадзкіх арганізацыяў (аб’яднаньняў) і іх арганізацыйных структураў, фондаў, аб’яднаньняў юрыдычных асобаў і (альбо) індывідуальных прадпрымальнікаў (асацыяцыяў і саюзаў), у дачыненьні да якіх пры арэндзе нерухомай маёмасьці да базавых ставак ужываецца паніжальны каэфіцыент 0,1, і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь”.
Гэты пералік замяніў сабой ранейшы сьпіс некамэрцыйных арганізацыяў, якія карысталіся ільготамі па арэндзе памяшканьня і дзейнічаў ад 9 красавіка 2010 году. Пералік 2010 году перыядычна папаўняўся новымі арганізацыямі і на 2012 год утрымліваў у сабе 451 некамэрцыйную арганізацыю, якім стаўкі арэнды памяшканьняў былі зьніжаныя ў дзесяць разоў у параўнаньні з іншымі арэндатарамі.
Зацьверджаны 30 красавіка 2013 году новы пералік прадугледжвае ільготу толькі для 195 грамадзкіх аб’яднаньняў, іх арганізацыйных структураў, фондаў, саюзаў і асацыяцыяў. Такім чынам, колькасьць некамэрцыйных арганізацыяў, што будуць цяпер карыстацца ільготнымі стаўкамі арэнды памяшканьняў, паменьшылася з 451 да 195 арганізацыяў – больш чым у два разы.
Абсалютная большасьць арганізацыяў, якія засталіся ў пераліку ільготнікаў, гэта дабрачынныя, чарнобыльскія, гуманітарныя і спартовыя арганізацыі. Сярод арганізацыяў, што раней карысталіся ільготамі, але не патрапілі ў новы сьпіс: Згуртаваньне Беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, Грамадзкае аб’яднаньне “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны”, Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Беларуская Асацыяцыя клюбаў ЮНЕСКА”, Беларускае грамадзкае аб’яднаньне “Экалягічная ініцыятыва”, Дабрачыннае грамадзкае аб’яднаньне “Кропля жыцьця” (аб’ядноўвае донараў крыві), Грамадзкае аб’яднаньне літоўцаў “Тэвінэ”, Міжнародная грамадзкая дабрачынная арганізацыя “Надзея Экспрэс”, Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Палестынская суполка”, Грамадзкае аб’яднаньне “Дзецям Чарнобыля”, Грамадзкае аб’яднаньне “Магілёўская габрэйская суполка”, Грамадзкая арганізацыя “Беларускі фонд SOS – Дзіцячая вёска”. Агулам ільготаў пазбаўленыя 256 арганізацыяў, якія цяпер будуць вымушаныя плаціць поўную арэндную плату за памяшканьні на агульных умовах.
Трэба ўлічваць, што стаўкі арэнднай платы за памяшканьні павысіліся ад 1 красавіка бягучага году амаль на 60 %. Калі у перыяд з 1 красавіка 2012 году па 1 красавіка 2013 году сума арэнднай платы вылічвалася зыходзячы з стаўкі базавай арэнднай велічыні ў 54 тысячы рублёў, то зараў памер гэтай базавай велічыні павышаны да 86 тысяч рублёў.
Цікава, што ў параўнаньні з мінулым пералікам арганізацыяў-ільготнікаў скарацілася колькасьць палітычных партыяў, якія карыстаюцца паніжальным каэфіцыентам пры аплаце арэнды: ільготы пакінутыя для Камуністычнай партыі і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці. Ільготаў пазбаўленыя Беларуская сацыяльна-спратовая партыя, Беларуская патрыятычная партыя і Беларуская аграрная партыя.
У далейшым унясеньне ў пералік новых арганізацыяў, якім прадастаўляецца ільготны каэфіцыент па арэндзе памяшканьняў, магчымае праз унясеньне Саветам Міністраў дапаўненьняў у сваю пастанову. Напрыклад, пастанова 2010 году першапачаткова ўтрымлівала 401 арганізацыю-ільготніка, а за тры гады яе дзеяньня пералік быў дапоўнены яшчэ больш чым пяцьцюдзесяцьцю некамэрцыйнымі арганізацыямі.
З тэкстам пастановы Савета міністраў, а таксама з пералікам некамэрцыйных арганізацыяў, якім прадастаўленыя ільготы па аплаце арэнды, можна азнаёміцца на сайце ўраду Рэспублікі Беларусь: http://www.government.by/ru/solutions/2021