Беларусь займае другое месца ў Еўропе па колькасці вязняў
Амаль палова еўрапейскіх турмаў перапоўненыя зняволенымі, адзначаецца ў дакладзе Савета Еўропы. Самы вялікі працэнт арыштантаў сярод насельніцтва зафіксаваны ў Расіі, далей ідуць Беларусь, Грузія і Азербайджан.
Па падліках экспертаў, па выніках 2011 года ў 20 з 47 краін Савета Еўропы налічвалася больш зняволеных, чым месцаў у турмах, перадае Расейская служба BBC.
На першым месцы размясцілася Сербія, дзе на 100 турэмных месцаў прыходзіцца амаль 151 зняволены, а на другім - Італія (147 вязняў на 100 месцаў). Пенітэцыярныя ўстановы таксама перапоўненыя ў Францыі, Бельгіі і Венгрыі.
Паводле статыстыкі Савета Еўропы, у 2011 годзе на кожныя 100 тысяч жыхароў Еўропы ў сярэднім прыпадала 154 зняволеных. Самы нізкі працэнт вязняў сярод насельніцтва выяўлены ў Ісландыі, а самы высокі - у Расіі.
Па дадзеных Міжнароднага цэнтра турэмных даследаванняў, які прыводзіць статыстыку за сакавік 2013 года, у Расіі налічваецца 487 зняволеных на 100 тысяч жыхароў. Другое месца ў Еўропе па гэтым паказчыку займае Беларусь (438 вязняў), за ёй ідуць Грузія і Азербайджан.
Па дадзеных Савета Еўропы, амаль 95% зняволеных складаюць мужчыны, а сярэдні ўзрост грамадзян, якія адбываюць турэмнае пакаранне, - 33 гады.
Больш за ўсё зняволеных-замежнікаў змяшчаецца ў краінах Заходняй Еўропы (каля 30%), у той час як ва ўсходнееўрапейскіх краінах замежныя зняволеныя складаюць не больш за 2% ад агульнага ліку вязняў.