Сёння – суд над Ярашэвічам і Галко (абнаўляецца)
Вечарам 6 траўня каля станцыі метро “Міхалова” ў Менску былі затрыманыя журналіст Беларускага Радыё Рацыя Аляксандр Ярашэвіч і блогер Дзмітрый Галко. Прыкладна каля 20-40 побач з імі спыніўся мікрааўтобус з групай спецназаўцаў, якія запхнулі іх у аўтамабіль і адвезлі ў Маскоўскі РУУС Менску.
Аляксандар Ярашэвіч і Дзьмітры Галко вярталіся з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна, дзе сустракалі ўдзельнікаў «Чарнобыльскага шляху», якія выйшлі на волю пасьля 10-суткавага арышту.
Супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі журналістаў у непадпарадкаванні і склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Сёння ў 10 гадзін раніцы журналістаў будуць судзіць ў Маскоўскім судзе Менску.
10-40. Ці прывезлі затрыманых у суд -- пакуль невядома. Разам з БАЖаўцамі знаходзіцца жонка Ярашэвіча, якая напісала на імя старшыні суда заяву з просьбай дапусціць яе ў працэс.
11-45. Журналістаў прывезлі ў суд. Справы будуць разглядаць суддзя Таццяна Мотыль і Яўген Хаткевіч.
12-00. Адвакат Дзмітрыя Галко знаёміцца з матэрыяламі справы. Блогера вінавацяць адразу па 2 артыкулах КаАП: 17.1 - дробнае хуліганства і 23.4 - непадпарадкаванне службовай асобе.
13-35. Суддзя дапытвае сведак - супрацоўнікаў міліцыі Новіка і братоў Гарошка.
13-40. У
судзе выступіў Зьміцер Галко.
Ён паведаміў,
што яго і Ярашэвіча затрымалі ля ўваходу
ў станцыю
мэтро «Міхалова». Пад’ехаў аўтобус, зь якога выскачылі 5 міліцыянтаў
у цывільным. Не прадставіліся. Прычын затрыманьня
не патлумачылі. Ён зайшоў у аўтобус, не супраціўляўся. Галко
кажа, што ў пастарунку міліцыі на яго не складалі пратакол
затрыманьня, а толькі перапісалі рэчы. Галко падкрэсьлівае, што пратаколу затрыманьня няма.
Міліцыянт
Дзьмітрый Новік
заявіў у судзе, што такі пратакол ёсьць. Ён таксама сказаў, што Галко адмовіўся падпісваць
пратакол.
Адвакат зьвярнуў увагу
на тое, што рапарты аб затрыманьні, напісаныя міліцыянтамі Жарскім
і Гарошкам, супадаюць да апошняга слова. Новік
ня змог патлумачыць, чаму так.
(Радыё “Свабода”)
13-42. Абвешчаны перапынак да 15-15.
15-20. Суд над Галко аднавіўся, працягваецца допыт сведкаў.
15-40. Суддзя забараніў журналістам карыстацца мабільнымі тэлефонамі, ды весці аўдыёзапіс.
16-20. У пратаколах, складзеных супрацоўнікамі міліцыі, шмат выпраўленняў. Паказанні сведкаў не супадаюць са зместам пратаколаў.
17-10. На судовым працэсе над Аляксандрам Ярашэвічам дапытваюць сведкаў Гарашко, Жарскага.
18-25. Журналіст Зміцер Галко асуджаны на 10 сутак. Яго звінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і аказанні супраціўлення міліцыі.
19-00.Таццяна Мотыль прысудзіла Аляксандру Ярашэвічу 12 сутак арышту. Яго прызналі вінаватым у парушэнні двух артыкулаў КаАП – 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі) і 17.1 (хуліганства).