14 гадоў таму знік генерал Юрый Захаранка
Чатырнаццаць гадоў таму, 7 мая 1999 года, пры нявысветленых абставінах у цэнтры Мінска знік генерал Юрый Захаранка.
Захаранка нарадзіўся ў 1952 годзе. Падчас выбараў першага прэзідэнта Беларусі ўваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі. У 1994—1996 гадах кіраваў МУС. Увайшоўшы ў апазіцыю, у 1998 годзе былы міністр узначаліў камітэт па бяспецы "ценявога" ўрада. Вясной 1999 года актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазіцыяй кампаніі па выбарах прэзідэнта. Ён увайшоў у каманду экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра, ездзіў па краіне, арганізоўваў групы па зборы подпісаў.
Карыстаючыся аўтарытэтам сярод супрацоўнікаў МУС, Захаранка стварыў альтэрнатыўны саюз афіцэраў. Паводле адной з версій, менавіта гэта і стала асноўнай прычынай раптоўнага знікнення былога міністра.
Яго выкралі вечарам 7 мая ў раёне вуліцы Магілёўскай у Мінску па дарозе дамоў. Неўзабаве сям'я Захаранкі атрымала палітычны прыстанак ў Германіі.
Расследаванне справы па факце знікнення Захаранкі так і не завершана. Паводле слоў праваабаронцы Алега Волчака, які з'яўляецца даверанай асобай сям'і Захаранкі, раз на тры месяцы ён атрымлівае ад следчых органаў паведамленне аб чарговым працягу папярэдняга расследавання. «У апошнім паведамленні гаварылася аб прадаўжэнні справы да чэрвеня», — паведаміў ён БелаПАН.
Сёння раніцай праваабаронцы маюць намер наведаць 89-гадовую маці Юрыя Захаранкі, якая жыве адна ў пасёлку Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.
Паводле слоў Волчака, маці зніклага апазіцыянера павінна паставіць подпіс у падрыхтаваным звароце ў пракуратуру. «Неабходна прыцягваць да справы як мага больш увагі. На жаль, папярэднія звароты ў следчыя органы (а іх было накіравана ўжо паўтара дзясяткі) не даюць яснасці, як ідзе следства», — адзначыў ён.
Справа па факце забойства Захаранкі была распачата 17 верасня 1999 года на падставе артыкула 101 КК (наўмыснае забойства). Гэта значыць, што 17 верасня 2014 года яно можа быць спынена ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці для прыцягнення вінаватых да адказнасці. Беларускія праваабаронцы маюць намер дамагацца перакваліфікацыі артыкула справы на артыкул 128 КК (злачынства супраць чалавечнасці), якая не мае тэрміну даўнасці.
Варта адзначыць, што знікненне Захаранкі стала першым гучным знікненнем у Беларусі людзей, якія лічацца праціўнікамі Лукашэнкі.
Так, 16 верасня 1999 года без вестак зніклі дэпутат Вярхоўнага Савета XIII склікання Віктар Ганчар і бізнесмен Анатоль Красоўскі, а летам 2000-га знік журналіст Дзмітрый Завадскі, некалі асабісты аператар Лукашэнкі.
Пасля былі апублікаваны дакументы, у тым ліку рапарт намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Лапаціка, якія сведчылі, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі расправіўся «эскадрон смерці».
Загады яму нібыта аддавала вышэйшае кіраўніцтва краіны. Сярод тых, хто мае дачыненне да выкраданняў і забойстваў, згадваўся і былы кіраўнік МУС Юрый Сівакоў; яму пасля, як і шэрагу іншых беларускіх чыноўнікаў, з-за гэтага быў забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза.
7 мая Аб'яднаная грамадзянская партыя, членам якой
з'яўляўся Захаранка, планавала правесці пікеты з патрабаваннем рэальнага
расследавання спраў зніклых палітыкаў. Было пададзена прыкладна 60 заявак на
правядзенне акцый ва ўсіх абласцях і ў Мінску, але не адну з іх улады не
задаволілі.