Пракуратура папярэдзіла Алега Грузьдзіловіча
Алегу Грузьдзіловічу вынесена папярэджаньне, падпісанае першым намесьнікам пракурора Менску Раманоўскім. Яно тычыцца артыкула і кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?»
У папярэджаньні гаворыцца,
што журналіст «ажыцьцявіў акцыю па пранікненьні на станцыю мэтро
„Фрунзенская“ з мэталёвымі прадметамі ў сумцы, якая нагадвае
выкарыстаную арганізатарамі тэракту ў менскім мэтрапалітэне».
10 красавіка Алег Грузьдзіловіч падрыхтаваў матэрыял пра тое,
як працуе служба аховы мэтро. Пракуратура адзначае, што журналіст
разьмясьціў на сайце Радыё Свабода «крытычны артыкул „Зь вялікай
торбай у мэтро: з двух разоў праверылі адзін і ў торбу
не зазірнулі“ зь відэасуправаджэньнем».
Далей
у папярэджаньні гаворыцца, што адбылася прэзэнтацыя кнігі «Хто ўзарваў
менскае мэтро?», аўтарам якой зьяўляецца Алег Грузьдзіловіч, у якой
«ставіцца пад сумнеў аб’ектыўнасьць афіцыйных вынікаў расьсьледаваньня
крымінальнай справы па факце выбуху ў менскім мэтрапалітэне,
а таксама справядлівасьць беларускай судовай сыстэмы ў цэлым».
У папярэджаньні таксама адзначаецца, што «ў выпадку прадстаўленьня
замежнай дзяржаве, замежнай ці міжнароднай арганізацыі заведама
непраўдзівых зьвестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, вайсковае
і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь, прававое становішча
грамадзян РБ, якія дыскрэдытуюць РБ і яе органы ўлады»,
журналіста могуць прыцягнуць да адказнасьці.
«У мяне ўзялі тлумачэньні адносна таго эпізоду журналісцкай праверкі
10 красавіка на мэтро „Фрунзенская“. Але, як я высьветліў,
гэта іх асабліва і не цікавіла. У іх ужо было
падрыхтавана афіцыйнае папярэджаньне. Яшчэ не было скончана падпісаньне
маіх тлумачэньняў, у кабінэт зайшоў намесьнік пракурора Раманоўскі, які
падпісаў мне афіцыйнае папярэджаньне. Яно мне было ўручана адразу,
як толькі друкарская машынка раздрукавала мае тлумачэньні
і я іх падпісаў. Іх зусім не цікавіла мая пазыцыя:
парушаў я ці не парушаў. Яны ўжо вырашылі, што я,
аказваецца, парушыў, што я дыскрэдытаваў і сумняваўся ў судовай
сыстэме, калі напісаў кнігу».
Паводле Алега Грузьдзіловіча, такія дзеяньні з боку ўладаў — гэта
ціск на журналіста.
«Гэтай уладзе непатрэбныя людзі, якія будуць нешта правяраць і сумнявацца.
Натальля Жукавец, якая вяла праверку, кажа: „Вось вы напісалі кнігу пра
выбух у мэтро. А чаму вы сумняваецеся ў рашэньнях
сьледзтва?“ Тое, што я сумняваюся, аказваецца, гэта ўжо нейкае злачынства.
Патыхнула 37-м годам, бо гэтых людзей нічога не спыняе.
Яны перакананыя, што як начальства сказала, так і трэба рабіць.
Асабліва ўражвае гэтая фраза — „ставіце пад сумнеў справядлівасьць
беларускай судовай сыстэмы ў цэлым“. То бок і тут я не магу
сумнявацца. У краіне, дзе нельга сумнявацца, журналісты
не патрэбныя».