Настаўнік адгаворвае вучняў ад здачы экзамена па беларускай мове
У сярэдняй школе № 4 горада Івацэвічы адбыўся канфлікт у адным з выпускных класаў. Больш за палову вучняў класа абрала беларускую мову як экзамен па выбары.
Але гэта не ўзрадавала іх настаўніка па беларускай мове. Выкладчык настойліва параіў сваім вучням перапісаць заявы на іншыя прадметы, што абурыла многіх вучняў, а таксама сябра Таварыства беларускай мовы Аркадзя Курыса, якому стаў вядомы гэты факт.
Па словах Курыса, невядома, чаму настаўнік так паступіў. Ці наогул сам не любіць свой прадмет і знішчае беларушчыну, ці дрэнна ведаюць вучні прадмет. І настаўнік не хоча публічна паказаць вынікі сваёй працы. Але ў любым выпадку ў такога настаўніка маладыя людзі не тое, што не будуць любіць беларускую мову, а будуць цурацца яе і ўцякаць.
Сам настаўнік патлумачыў сваю пазіцыю тым, што не ўсе з гэтых 15-ці вучняў, якія напісалі заявы на здачу экзамена па беларускай мове, змогуць здаць экзамен паспяхова. Таму і параіў выбраць іншы прадмет.