Заведзеная крымінальная справа ў сувязі з падрыхтоўкай да Дня Волі
Заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 342 Крымінальнага Кодэксу, зьвязаная з падрыхтоўкай акцыі з нагоды Дня Волі. Пра гэта сябрам аргкамітэту ў справе падрыхтоўкі акцыі Анатолю Ляўковічу і Ігару Шынкарыку паведаміў у Менгарвыканкаме кіраўнік менскай міліцыі генэрал Анатоль Куляшоў
Паводле спадароў Шынкарыка і Ляўковіча, генэрал Куляшоў распавёў арганізатарам, што ўчора і пазаўчора супрацоўнікі міліцыі прэвэнтыўна затрымалі шэраг моладзевых актывістаў, які нібыта плянавалі арганізаваць беспарадкі. Гэтую гутарку здымала здымачная група СТВ (Сталічнае тэлебачаньне). Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.
Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч зрабіў у міліцыі наступную заяву. “Паколькі ўлады забаранілі правядзеньне галоўнага сьвята на галоўнай плошчы гораду, я здымаю зь сябе абавязкі, якія браў, і адклікаю свой подпіс пад заявай, паколькі паводле сцэнару ўлады наша партыя ніколі не гуляла”.
Паводле намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігара Шынкарыка, пры канцы гутаркі яны з генэралам Куляшовым прыйшлі да наступнага пагадненьня. Людзей, якія прыйдуць на Кастрычніцкую плошчу арганізавана правесьці да месца дазволенага збору. Быў прапанаваны наступны маршрут – вакол плошчы па вуліцы Інтэрнацыянальнай, потым па Янкі Купалы да цырку і далей па правым баку праспэкту арганізавана рушыць да Акадэміі навук.