viasna on patreon

Бабруйск: Грамадскіх актывістак адхілілі ад арганізацыі фестываля

2013 2013-05-17T13:24:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/smirnova-galina-babrujsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Лідэр мясцовай прафсаюзнай суполкі РЭП Галіна Смірнова (на фота) і сябра аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Таісія Кабанчук расказалі бабруйскім праваабаронцам, што іх адхілілі ад удзелу ў арганізацыі фестываля сям’і з-за іх грамадскай дзейнасці.

-Нядаўна да нас звярнуліся сябры аргкамітэта фестываля “Шчасце ў дзецях-2013”, які арганізуе сацыяльна-асветніцкая ўстанова “Цэнтр падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства “Покрова”, - яны цесна супрацоўнічаюць з праваслаўнай царквой.  Сам фестываль праходзіць у Бабруйску з 17 па 19 траўня, і на яго мусяць з’ехацца госці з Беларусі і іншых краін. Натуральна, гэта патрабуе дапамогі валанцёраў, вернікаў. Да нас звярнуліся па дапамогу як да праваслаўных вернікаў, і мы згадзіліся дапамагчы. Падкрэслю, згадзіліся як вернікі, а не як грамадскія актывісты, мы нідзе пра гэта не пісалі і нават трымалі ў сакрэце, - кажа Таісія Кабанчук.

Актывісткі пагадзіліся выконваць любую працу ў якасці валанцёраў, а таксама знайшлі жыллё для некалькіх гасцей фестываля, бо існавала такая патрэба. Але раптам сябры аркамітэта  паведамілі Таісіі Кабанчук і Галіне Смірновай, што не могуць прыняць іх дапамогу.

-Адбылося гэта на паседжанні аргкамітэта. У Таісіі не атрымался пайсці, бо яна захварэла, а я пайшла туды з сяброўкай Наталляй, яна глыбока веруючы чалавек, і вельмі хацела дапамагчы. Але як толькі мы ўвайшлі ў пакой, я зразумела, што нешта не так. Нас сустрэлі халодна, а потым адвялі Наталлю ў бок і сказалі, што ім нехта “зверху” патэлефанаваў, сказаў, што мы з Таісіяй апазіцыянеркі і не можам удзельнічаць у арганізацыі. Вы можаце сабе ўявіць, як мы сябе адчувалі? Нібыта нас аплявалі. Крыўдна, што праваслаўныя, якія за часамі СССР адчувалі ціск уладаў, зараз ставяць уладу вышэй за Бога, - адзначыла Галіна Смірнова.

Бабруйскія актывісткі кажуць, што будуць дабівацца нейкіх каментароў і ад прадстаўнікоў праваслаўнай царквы. Ім цікава даведацца, чаму іх грамадская пазіцыя з’яўляецца перашкодай для таго, каб рабіць добрыя справы. Таксама ім цікава, хто гэтыя таямнічыя начальнікі, якія паўплывалі на рашэнне фестывальнага камітэта.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства