Алеся Бяляцкага на паўгода пазбавілі прадуктовых перадач
16 траўня жонка палітвязьня Натальля Пінчук наведала бабруйскую калёнію, дзе трымаюць яе мужа. Яна мела намер перадаць Алесю Бяляцкаму рэчавую перадачу і даведалася, што у сакавіку да жніўня яго пазбавілі права на харчовыя перадачы.
«За якое парушэньне яго пакаралі, мне невядома, ды я і не цікавілася. Гэта рытарычнае пытаньне — за што? Прычыну знойдуць».
Паводле Натальлі Пінчук, Алесь Бяляцкі тэлефанаваў дамоў у пачатку траўня. У лістах, якія ад яго даходзяць, ён звычайна ні на што не скардзіцца.
Натальля Пінчук перадала мужу ў калёнію спартовы строй, пасьцельную бялізну ды іншыя рэчы. Гэта была адзіная дазволеная вязьню ў год рэчавая перадача.
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года зьняволеньня за “ўтойваньне прыбыткаў з-за мяжы”. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і казаў у судзе пра грошы, якія ішлі на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій ў Беларусі.