Баранавіцкія чыноўнікі не збіраюцца уводзіць плату за наведванне паліклінік
У Брэсце падведзены папярэднія вынікі кампаніі “За бясплатную медыцыну”, якая ставіла на мэце прадухіліць спробы мясцовых уладаў праігнараваць канстытуцыйныя правы грамадзян у справе аховы здароўя.
Сама кампанія был распачатая сябрамі Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) як адказ на заявы чыноўнікоў, што былі гатовыя ўвесці плату за наведванне паліклінік. У прыватнасці, з такой прапановай выступіў старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі. Як паведаміў лідэр брэсцкіх сацыял-дэмакратаў Ігар Маслоўскі, сам спадар Дзічкоўскі не адрэагаваў на зварот актывістаў кампаніі, але яго намеснік у сваім адказе паведміў, што рашэнне, якое б прыводзіла да зменаў у працы медыцынскіх установаў горада, гарвыканкамам не прымалася. “Але ж мы пыталі не пра рашэнне баранавіцкіх чыноўнікаў, а пра тое, на якой падставе яны рабілі высновы, што, калі ўвесці плату за наведванне паліклінік, там не будзе чэргаў”, - распавёў Маслоўскі.
Кіраўнік абласной суполкі БСДП (Г) упэўнены, што менавіта праведзеная публічная кампанія, пад час якой збіраліся подпісы, распаўсюджвалася адпаведная інфармацыя і рабіліся запыты ў розныя ўстановы, сталася перешкодай на шляху намераў выканаўчай “вертыкалі” пашырыць камерцыялізацыю дзяржаўнай службы аховы здароўя насуперак прапісаным у Канстытуцыі нормам, якімі грамадзянам Беларусі гарантаванае бясплатнае медыцынскае абслугоўванне.