Глыбокае: камісія вызначыць пакараньне за «Пагоню»
У Глыбоцкім райвыканкаме адбудзецца пасяджэньне адміністрацыйнай камісіі, на якое выкліканы жыхар пасёлка Падсьвільле Мар’ян Місевіч.
Яго вінавацяць у парушэньні
«архітэктурнага рашэньня» шматпавярховіка, дзе ён жыве — за тое,
што размаляваў гаўбец пад нацыянальны сьцяг ды прымацаваў «Пагоню».
Добраўпарадкаваны такім чынам гаўбец прыцягваў увагу мінакоў цягам тыдня,
бо выглядаючы дужа кантрастна побач зь іншымі, аблезлымі
і нефарбаванымі. У гэтым доме цягам 40 гадоў не было
рамонту.
Потым, не папярэдзіўшы гаспадара, камунальная служба перафарбавала гаўбец
у чырвоны колер. А галоўны архітэктар Глыбоцкага раёну склаў
на спадара Місевіча пратакол паводле артыкула 21.13 Кодэксу
аб адміністрацыйных правапарушэньнях за «парушэньне архітэктурнага
рашэньня фасадаў будынкаў і збудаваньняў» Мар’яну
Місевічу пагражае штраф ад 200 тысяч да мільёна
рублёў.
Якое спагнаньне будзе мець былы настаўнік матэматыкі, мае вырашыць раённая
адміністрацыйная камісія.