Front Line Defenders выступае супраць парушэння ўмоваў зняволення Алеся Бяляцкага
20 траўня праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders распаўсюдзіла заяву з нагоды новых выпадкаў выкарыстання дысцыплінарных захадаў з боку адміністрацыі калоніі ў дачыненні да палітвязня Алеся Бяляцкага.
20 траўня 2013
Беларусь – Парушэнне ўмоваў зняволення праваабаронцы сп. Алеся Бяляцкага
16 траўня 2013 года жонка праваабаронцы сп. Алеся Бяляцкага наведала калонію г.Бабруйска № 2, дзе яе муж знаходзіцца з лютага 2012 года, для таго, каб перадаць яму харчовую перадачу. Тым не менш, харчовая перадача не была прынятая адміністрацыяй калоніі, якая паведаміла, што ў сакавіку 2013 года права Алеся Бяляцкага на атрыманне харчовых перадач ад наведвальнікаў было прыпынена на шэсць месяцаў.
Гэты інцыдэнт стаў яшчэ адным выпадкам, калі супраць Алеся Бяляцкага выкарыстоўваюць дысцыплінарныя захады. З сакавіка па чэрвень 2012 года ён атрымаў тры вымовы, адна з якіх прывяла да страты права наведвання. Пасля трох вымоваў, у чэрвені 2012 года праваабаронца быў названы “злосным парушальнікам”, што прывяло да пазбаўлення яго права на амністыю 2012 года за эканамічныя злачынствы. Больш за тое, колькасць асабістых сродкаў, якія ён мог выкарыстоўваць для набыцця прадуктаў харчавання і іншых прадметаў, была зменшана адміністрацыяй калоніі ў пяць разоў. У жніўні 2012 года ён атрымаў яшчэ дзве вымовы: першую за вынас лусты хлеба ў жылое памяшканне пасля абеду, другую – за тое, што павесіў заслону над сваім ложкам у мэтах асабістага жыцця. У выніку, яму не дазволілі атрымліваць харчовыя перадачы. Акрамя гэтага, ён быў пазбаўлены права наведвання. 19 кастрычніка 2012 года вага перадач, дазволеных для атрымання праваабаронцам, была зменшаная да аднаго кілаграма; між тым, такія захады не выкарыстоўваюцца ў дачыненні да іншых вязняў. Перадача, дасланая ягонай жонкай, была пазней вернутая ў сувязі з меркаванымі парушэннямі умоваў дастаўкі.
Алесь Бяляцкі з’яўляецца старшынём Праваабарончага цэнтра “Вясна”. 24 лістапада 2011 года ў выніку несправядлівага судовага разбіральніцтва ён быў прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры судом Першамайскага раёна г. Менска і быў прысуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі, а таксама канфіскацыі ўсёй маёмасці, у тым ліку маёмасці, зарэгістраванай на імя іншых асобаў. Суд таксама аштрафаваў праваабаронцу на суму 721 мільёнаў беларускіх рублёў (каля 82 700 долараў ЗША) за нібыта нясплочаныя падаткі і спагнаў 36 мільёнаў беларускіх рублёў (каля 4 100 долараў ЗША) дзяржаўных пошлін.
Front Line Defenders публікаваў заклікі і абнаўленні па гэтай справе, у апошні раз 26 лістапада 2012 года. Front Line Defenders лічыць, што няспынныя вымовы Алесю Бяляцкаму з’яўляюцца парушэннем рэжыму зняволення і ў цяперашні час выкарыстоўваюцца ў якасці інструмента, каб пагоршыць умовы ўтрымання пад вартай і не дапусціць яго датэрміновага вызвалення.