viasna on patreon

Камітэт па замежных справах Еўрапарламента разгледзіць даклад Палецкіса па Беларусі 29 мая

2013 2013-05-22T17:13:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/justas-paleckis.jpg
Дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Юстас Палецкіс

Дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Юстас Палецкіс

29 мая камітэт па замежных справах Еўрапарламента разгледзіць у першым чытанні папярэднюю справаздачу дакладчыка па Беларусі Юстаса Палецкіса, падрыхтаваную для Еўракамісіі, Савета ЕС і Службы знешніх дзеянняў Еўракамісіі.

Як паведаміў БелаПАН Палецкіс, зараз даклад перакладаецца на 23 еўрапейскія мовы. Пасля абмеркавання 29 мая дакумент будзе адкрыты для ўнясення ў яго паправак і прапаноў. "Затым у жніўні камітэт разгледзіць яго ў другім чытанні, а ў верасні даклад будзе вынесены на абмеркаванне падчас пленарнай сесіі Еўрапарламента", — паведаміў еўрадэпутат.

"Калі па дакладзе ўзнікнуць вялікія рознагалоссі паміж рознымі фракцыямі Еўрапарламента, то можа нават адбыцца галасаванне па пунктах", — дадаў Палецкіс.

На пытанне, як ён ставіцца да таго, што ў Беларусі яго даклад, і ў прыватнасці прапанова прыпыніць санкцыі ЕС у дачыненні да ключавых беларускіх чыноўнікаў, выклікаў крытыку з боку апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, Палецкіс адказаў: "Меркаванні па маім дакладзе могуць быць розныя, таму і будзе магчымасць уносіць у яго папраўкі і прапановы. Я і сам планую ўнесці ў яго шмат дапаўненняў, каб ён быў больш грунтоўнымі і канкрэтным".

Аўтар, у прыватнасці, мае намер указаць як на некаторыя станоўчыя змены (напрыклад спыненне крымінальнай справы ў дачыненні да гродзенскага журналіста Андрэя Пачобута), гэтак і на негатыўныя падзеі, у тым ліку нядаўнія адміністрацыйныя арышты журналістаў Генадзя Барбарыча, Аляксандра Ярашэвіча, Дзмітрыя Галко.

Палецкіс удакладніў: фраза пра некаторае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з яго даклада грунтуецца на інфармацыі, размешчанай на праваабарончым сайце spring96.org. Там гаварылася, што ў 2012 годзе ў Беларусі было зафіксавана ў тры разы менш рэпрэсій, арыштаў, затрыманняў, вобыскаў, чым у 2011 годзе.

Пры гэтым Палецкіс падкрэсліў, што любыя істотныя змены ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС магчымыя толькі пасля вызвалення палітзняволеных.

"На сустрэчах з афіцыйнымі асобамі падчас майго візіту ў Мінск яны намёкамі казалі, што ёсць магчымасць іх вызвалення. Але ні пра якія тэрміны, ні пра якія канкрэтныя захады для іх вызвалення абяцанняў не давалася. Не выключаю, што калі не будуць вызвалены палітзняволеныя, то даклад можа быць зменены ў больш жорсткі бок", — сказаў дакладчык Еўрапарламента.

Што да прапановы аб зняцці візавых абмежаванняў з ключавым беларускіх чыноўнікаў, то размова ідзе найперш пра міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, растлумачыў аўтар даклада. "Ні для каго, і для вас таксама, не сакрэт, што наконт яго вядуцца кансультацыі паміж усімі краінамі ЕС. І большасць з краін пакуль схіляецца да таго, каб зняць з яго гэтыя абмежаванні. Але рашэнне павінна быць прынята кансенсусам, гэта значыць нават адна краіна можа яго заблакаваць", — зазначыў Палецкіс.

Ён звярнуў увагу на тое, што за 19 гадоў Еўрапарламентам прымаліся "рэзалюцыі, якія рэагавалі толькі на негатыўныя падзеі ў Беларусі — арышты, недэмакратычныя выбары, парушэнні правоў чалавека".

"За апошнія дзесяць гадоў Беларусь наведала толькі адна дэлегацыя Еўрапарламента. У Расію, Грузію, Малдову, ва Украіну такія дэлегацыі ездзяць рэгулярна. Я хачу сказаць, што сярод маіх калег няма разумення таго, што адбываецца ў Беларусі. Важна даць ім як мага больш інфармацыі пра краіну, каб Беларусь перастала быць для іх белай плямай на карце", — мяркуе Палецкіс.

"Галоўнае не сядзець склаўшы рукі, а думаць і працаваць над тым, каб палепшыць становішча народа ў Беларусі", — упэўнены дакладчык Еўрапарламента.

Нагадаем, даклад быў падрыхтаваны паводле вынікаў візіту Юстаса Палецкіса ў Мінск 18—21 сакавіка, падчас якога ён сустрэўся з афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства