viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: «Беларускія ўлады так і не прадэманстравалі пазітыўнай дынамікі ў выкананні ўмоў ЕС»

2013 2013-05-23T10:58:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich-2012.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч (фота svaboda.org)

Валянцін Стэфановіч (фота svaboda.org)

Намеснік кіраўніка Праваабарончага цэнтра "Вясна" заявіў у інтэрв'ю агенцтву "Інтэрфакс-Захад", што не падзяляе аптымізму дакладчыка Еўрапарламента па Беларусі Юстаса Палецкіса ў тым, што ў апошні час сітуацыя з правамі чалавека палепшылася.

"Інтэнсіўныя кантакты ідуць са снежня мінулага года, сёння ўжо май. Але беларускія ўлады так і не прадэманстравалі якой-небудзь пазітыўнай дынамікі ў выкананні ўмоў ЕС, нічога не мяняецца", - сказаў праваабаронца.

Больш за тое, адзначыў ён, "Лукашэнка выразна паўтарае пазіцыю па палітвязнях: хто хацеў, той напісаў прашэнне пра памілаванне і выйшаў на волю. У гэтым пытанні ён прынцыповы і не згодны на нейкія кампрамісы". Тым не менш, працягнуў В.Стэфановіч, у ЕС пытанне палітвязняў - пытанне нумар адзін. "Яго вельмі складана абыйсці або аб'ехаць. Усе мы хочам бачыць гэтых людзей на волі, але, па вялікім рахунку, у глабальным плане іх вызваленне нічога не змяняе. Сітуацыя застаецца ранейшай, сістэмных зменаў у заканадаўстве, практыцы чакаць не даводзіцца", - мяркуе намеснік кіраўніка "Вясны".

Ён не падзяляе аптымізму дакладчыка Еўрапарламента ў тым, што ў апошні час сітуацыя з правамі чалавека палепшылася. "Вядома, калі сітуацыю 2012 года параўноўваць з 2011 годам, калі па краіне пайшоў канвеер судоў пасля снежня 2010 года, калі ў краіне з'явіліся дзесяткі палітвязняў, то адрозненні ёсць. Але сітуацыю трэба ацэньваць у комплексе і збалансавана падыходзіць да гэтых пытанняў", - сказаў В.Стэфановіч. Таму што, лічыць ён, "ніякіх кардынальных зменаў ні ў 2012, ні ў 2013 годзе не адбывалася. Наадварот, у мінулым годзе мы сталі сведкамі ўвядзення абмежаванняў на выезд з краіны па палітычных матывах двух дзесяткаў чалавек", - удакладніў праваабаронца.

Паводле яго слоў, "калі даклады па пытаннях выканання правоў чалавека пачынаюць пісаць палітыкі, то з'яўляецца небяспека нахілу у адзін ці іншы бок у залежнасці ад задач і палітычнай кан'юнктуры". У дакладзе Ю.Палецкіса намеснік кіраўніка праваабарончага цэнтра бачыць "спробу ЕС наладзіць які-небудзь дыялог з Мінскам". "Кантакты з прадстаўнікамі ЕС мне падказваюць, што людзі адэкватна ацэньваюць сутнасць палітыкі і дзеянняў беларускіх уладаў. Наўрад ці яны ставяць задачу навучыць Мінск дэмакратыі. Хутчэй за ўсё, стаіць задача мінімізаваць наступствы рэпрэсіяў, вызваліць палітзняволеных", - заявіў В.Стэфановіч.

"Большага чакаць не варта. У 2015 годзе чарговыя прэзідэнцкія выбары, і, па-мойму, для Лукашэнкі было б неабдуманым ісці на нейкую прыкметную лібералізацыю", - мяркуе намеснік кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна".

У папярэднім дакладзе, падрыхтаваным членам Еўрапарламента Ю.Палецкісам для еўрапейскіх інстытутаў, рэкамендуецца разгледзець "прыпыненне дзеяння санкцый ЕС у дачыненні да ключавых беларускіх чыноўнікаў для пашырэння неабходных дыпламатычных каналаў камунікацыі з Беларуссю з улікам правядзення саміту Усходняга партнёрства".

Дакладчык рэкамендуе выкарыстоўваць будучае старшынства Літвы ў ЕС (з ліпеня 2013 года - ІФ) і саміт Усходняга партнёрства ў Вільні "як унікальную магчымасць для паляпшэння адносін з Беларуссю, у тым ліку для перазагрузкі палітычнага дыялогу, у прыватнасці для правядзення дэмакратычных рэформаў, павагі вяршэнства закона, правоў чалавека і фундаментальных свабодаў".

Аўтар дакладу таксама лічыць неабходным падрыхтаваць стратэгічную дарожную карту для Беларусі, у якой будуць утрымлівацца прапановы па прыярытэтных кірунках рэформаў у краіне і прапановы па актывізацыі палітычнага дыялогу. Ю.Палецкіс мяркуе, што ў далейшым гэта можа прывесці да аднаўлення перамоў па новым ўсёабдымным пагадненні. Акрамя таго, ён рэкамендуе актывізаваць кантакты з беларускімі чыноўнікамі для павышэння іх "адкрытасці ў адносінах да ЕС і ўзмацнення супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрасаюзам".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства