За падзеямі 25 сакавіка ў Менску будзе сачыць увесь свет
Дэпутаты Еўрапейскага Парламента, парламентаў Польшчы, Нямеччыны, Славакіі, Латвіі, Расеі і Азербайджана, амбасадары краін Еўрапейскага Звяза і ЗША, офіс АБСЕ, журналісты вядучых тэлекампаній і выданняў свету плануюць прыбыць у Беларусь для назірання за падзеямі ў Менску 25 сакавіка.
Як паведаміў прэс-сакратар лідэра дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандра Мілінкевіча Павел Мажэйка, у Менск плануюць прыбыць 15 польскіх дэпутатаў і пяць дэпутатаў Бундэстага. “Пацвердзілі свой візіт дэпутаты з Славакіі і Латвіі, – сказаў П.Мажэйка. – Плануюць прыехаць дэпутаты Дзярждумы Расеі Уладзімір Рыжкоў і лідэр Саюза правых сіл Мікіта Бялых, а таксама кіраўнік азербайджанскай партыі “Мусават” Іса Гамбар”.
Назіраць за падзеямі 25 сакавіка маюць намер і прадстаўнікі офіса АБСЕ у Менску. “Як звычайна, супрацоўнікі офіса плануюць праводзіць назіранне”, – паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве АБСЕ.
“Амбасадар Марцін Хекер мае намер уважліва сачыць за падзеямі ў гэты дзень, – паведамілі ў дыппрадстаўніцтве ў Нямеччыне. – Гэта задача амбасады – звярнулі ўвагу на тое, што адбываецца ў гэты дзень, які мае асаблівае значэнне для народа Беларусі”.
Назіраць за падзеямі ў Менску плануюць таксама амбасадары шэрагу краін ЕЗ, у прыватнасці Францыі і Літвы, а таксама ЗША. “Амбасадар ЗША разам з сваімі еўрапейскімі калегамі і супрацоўнікамі амерыканскай амбасады будзе назіраць за дэманстрацыяй 25 сакавіка”, – сказалі ў амерыканскай дыпмісіі.