Яцэк Сарыюш Вольскі: "Меркаванне Палецкіса - гэта не пазіцыя Еўрапейскага парламента
Дакладчык Еўрапейскага парламента па Беларусі, дэпутат ад Літвы Юстас Палецкіс падрыхтаваў праект сваёй справаздачы. Ён рэкамендуе змяніць палітыку Еўразвяза ў дачыненні да афіцыйнага Мінску.
Паводле Палецкіса, у 2012 годзе ў Беларусі адбылося прыкметнае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, а Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі зрабіў станоўчы ўплыў на развіццё грамадзянскай супольнасці.
Еўрадэпутат Яцэк Сарыюш Вольскі яшчэ не чытаў рапарт Палецкіса, аднак адназначна сцвярджае, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі дрэнная:
- Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не змянілася - гэта значыць дрэнная. Нічога не змянілася, надалей застаюцца палітвязні, у апазіцыі абмежаваныя магчымасці для дзеянняў, усё засталося, як і было. Ён можа напісаць, што заўгодна, як лічыць, але гэта не азначае, што гэта пазіцыя Еўрапарламента.
Ацэньваючы сам дакумент Яцэк Сарыюш Вольскі адзначыў, што гэта пункт гледжання аднаго еўрадэпутата, а не Еўрапейскага парламента.
Праект справаздачы Юстаса Палецкіса паступіў да ягоных калегаў па Еўрапейскім парламенце. Да 5 чэрвеня дэпутаты маюць права ўнесці свае заўвагі і папраўкі да гэтага дакумента.