Сланімчане збіраюць подпісы ў падтрымку "Газеты Слонімскай"
Сярод жыхароў Слонімшчыны пачаўся збор подпісаў пад зваротам у розныя інстанцыі з мэтай уключэння "Газеты Слонімскай" у кіёскі "Белсаюздруку", а таксама ў каталогі "Белпошты".
Нагадаем, што некалькі месяцаў таму на адрас Адміністрацыі Прэзідэнта РБ, Палаты прадстаўнікоў, РУП "Белпошта" і РУП "Белсаюздрук" быў накіраваны калектыўны зварот з больш чым 300 подпісамі сланімчан. У прыватнасці, жыхары Слонімшчыны прасілі стварыць для "Газеты Слонімскай" роўныя ўмовы дзейнасці і ўключыць яе ў сістэму распаўсюду праз РУП "Белпошта", а таксама ў рэалізацыю праз кіёскі РУП "Белсаюздрук".
Аднак на просьбу грамадзян пра ўключэнне газеты ў сістэму распаўсюду праз РУП "Белпошта" яго кіраўніцтва ўжо які год дае адзін і той жа адказ: спасылаючыся на закон аб тым, што грамадзяне і юрыдычныя асобы вольныя ў заключэнні дагавора, яно лічыць немэтазгодным уключэнне ў падпісны каталог "Газеты Слонімскай". Гэта значыць, з кім хочуць, складаюць дамову, а з кім не хочуць, не заключаюць яе. Просьбы людзей іх чамусьці мала цікавяць. Падобна на тое, што чыноўнікам на меркаванне людзей напляваць.
"Газета Слонімская" і шэраг іншых незалежных друкаваных выданняў Беларусі па нейкіх прычынах былі выкрэслены са спісу цэнтралізаванай падпіскі РУП "Белпошта" напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года.
Аднак для чыноўнікаў гэтага здалося мала, і, каб яшчэ больш ўскладніць працу рэдакцыі "Газеты Слонімскай", улады пачалі чыніць розныя перашкоды ў яе працы. Узнікла праблема з памяшканнем рэдакцыі, мясцовыя чыноўнікі не даюць карэспандэнтам газеты інфармацыю аб сваёй дзейнасці, адмаўляюць у акрэдытацыі журналістам пры мясцовым выканаўчым камітэце і г.д. Улады ўжываюць розныя спосабы ціску на незалежныя СМІ, якім пастаянна даводзіцца шукаць спосабы выжывання.
На працягу шэрагу гадоў чытачы і падпісчыкі "Газеты Слонімскай" неаднаразова станавіліся на абарону газеты. Сланімчане звярталіся ў розныя інстанцыі з патрабаваннем спыніць чыніць розныя перашкоды ў працы газеты, у тым ліку прасілі забяспечыць магчымасць падпісацца на газету на пошце і свабодна яе купляць у кіёсках "Белсаюздруку". Аднак да гэтага часу голас народа так і не быў пачуты.
А вось дзяржаўныя СМІ ўлады ўсяляк падтрымліваюць. І для таго, каб павысіць іх наклад і колькасць падпісчыкаў, ва ўстановах і на прадпрыемствах Слонімскага раёна перыядычна праводзіцца добраахвотна-прымусовая падпіска на раёнку "Слонімскі веснік"і іншыя дзяржаўныя выданні.
Пісьмовы зварот сланімчукі будуць высылаць заказнымі лістамі ў Адміністрацыю Прэзідэнта, у РУП "Белпошта", у Міністэрства інфармацыі РБ, у РУП "Белсаюздрук" і іншыя інстанцыі па іх меркаванні. Жыхары Слоніма просяць, каб іх падтрымалі і чытачы з іншых рэгіёнаў Беларусі.