viasna on patreon

Менгарсуд разгледзіць скаргі на прысуды журналістам Беларускага Радыё Рацыя

2013 2013-05-23T17:49:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Менскі гарадскі суд прызначыў на 31 траўня разгляд скаргаў на прысуды, вынесеныя журналістам Радыё Рацыя Генадзю Барбарычу і Аляксандру Ярашэвічу. У скаргах журналісты звяртаюць увагу на шматлікія разыходжанні ў паказаннях сведак з ліку супрацоўнікаў міліцыі, а таксама на тое, што сведак з боку абароны наагул не выслухалі ў судзе.

Як распавёў Генадзь Барбарыч, у матэрыялах справы супраць яго прысутнічалі ксэракопіі рапартаў супрацоўнікаў міліцыі са справы Аляксандра Ярашэвіча, не завераныя ў належным парадку. Таму, яны не могуць служыць доказамі маёй віны, - лічыць Генадзь Барбарыч.

- Як высветлілася пасля арышту, з майго дыктафона і фотаапарата чамусьці былі сцёртыя ўсе запісы і фота. Таксама мне не прадставілі адваката з моманту майго затрымання, магчыма і справа разгортвалася па-іншаму, калі б быў адвакат, хаця я патрабаваў гэта. Я напісаў адмысловую скаргу ў пракуратуру на гэтыя дзеянні міліцыі. Гэтую скаргу, праўда, пракуратура чамусьці перакінула ў той самы Савецкі РАУС, які парушаў мае правы.

Асаблівых спадзяванняў на задавальненне нашых скаргаў няма, кажа Аляксандр Ярашэвіч:

- На жаль, у мяне няма асаблівых спадзяванняў на тое, што маю скаргу і скаргу калегі Генадзя Барбарыча задаволяць. Але ў той жа час я лічу грамадзянскім абавязкам абскардзіць сваё затрыманне, бо лічу яго неабгрунтаваным. Гэта проста перашкода нашай журналісцкай дзейнасці. І калі гэтыя скаргі не задаволяць, а я ўпэўнены ў гэтым амаль на 100 адсоткаў, то мы будзем скардзіцца ў Вярхоўны суд. Таксама не выключаю, што дойдзем да Камітэта па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Журналісты Радыё Рацыя былі затрыманыя ў Менску 26 красавіка пасьля дазволенага ўладамі «Чарнобыльскага шляху». На іх склалі адміністрацыйныя пратаколы, а 29 красавіка суд Савецкага раёну прызнаў журналістаў вінаватымі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі і пакараў трыма суткамі арышту кожнага. Разглядаў справу суддзя Кірыл Палулех. Пасля вызвалення з турмы на Акрэсціна журналісты абскардзілі прысуды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства