Рэдактара і выдаўца “Вольнага гораду” выклікаюць у суд
Суд Крычаўскага раёна выклікаў рэдактара крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага і яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава на 5 чэрвеня ў якасці адказчыкаў па пазову “Аб абароне дзелавой рэпутацыі” з боку УКП “Чэрыкаўскае ПМК № 280”.
Начальнік арганізацыі А.В. Фралоў просіць суд Крычаўскага раёна “прызнаць распаўсюджаныя звесткі аб КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” у друкаваным выданні “Вольны горад” №4 ад 3 лютага 2013 года неадпавядаючымі рэчаіснасці”, а таксама “абавязаць друкаванае выданне “Вольны горад” надрукаваць абвяржэнне на той жа старонцы ў той жа калонцы дадзенага друкаванага выдання”.
- Пазоў “Аб абароне дзелавой рэпутацыі” падаў начальнік УКП “Чэрыкаўскае ПМК № 280” А. В. Фралоў, быццам бы мы ў адным з нумароў “Вольнага горада” у артыкуле “Прыгонныя” далі недакладныя звесткі пра гэту арганізацыю, - распавядае рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны. – Раней па гэтым пытанні мяне і Кудраўцава выклікалі ў Крычаўскі РАУС, куды прыходзіў запыт з чэрыкаўскай міліцыі, аднак ахоўнікі правапарадку адмовілі адміністрацыі ПМК № 280 ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Сяргей Няроўны кажа, што яго ў гэтай сітуацыі вельмі здзіўляюць дзеянні адміністрацыі ПМК № 280.
- Па- першае, гэтае пытанне лёгка можна было вырашыць у дасудовым парадку. Калі б супрацоўнікі арганізацыі хацелі дзейнічаць у адпаведнасці з Законам аб СМІ, яны б звярнуліся да нас з патрабаваннем апублікаваць удакладненне альбо абвяржэнне. Мы б правялі праверку і, калі б пацвердзілася, што інфармацыя недакладная, абавязкова гэта зрабілі, - тлумачыць рэдактар “Вольнага гораду”. - Па-другое, здзіўляе палітызаванасць пазову ў суд, бо адміністрацыя ПМК № 280 убачыла ў нашым невялікім артыкуле адну мэту – “дыскрэдытаваць кіруючае звяно “Чэрыкаўскага ПМК-280” і раённую вертыкаль улады”. На маю думку, ужо з гэтага выдатна бачна, хто з’яўляецца сапраўдным ініцыятарам гэтага пазову…
Таксама здзіўляе недарэчнасць, якую дапусціла адміністрацыя ПМК № 280 пры падрыхтоўцы пазову ў суд: па ўсім тэксце назва арганізацыі ідзе як УКП “Чэрыкаўская ПМК-280”, а падпісаны дакумент начальнікам “Чэрыкаўскага ПМК-88” А. В. Фраловым.
- Ужо адна гэта акалічнасць паказвае ўзровень адносін з боку адміністрацыі ўстановы да вартасці гэтага дакумента, - каментуе Сяргей Няроўны.
Артыкул “Прыгонныя” быў напісаны пасля тэлефанавання ў рэдакцыю “Вольнага горада” жонкі працаўніка Чэрыкаўскай ПМК №280. Жанчына сцвярджала, што яе муж не можа атрымаць заробак ужо трэці месяц. Журналісты газеты параілі ёй звярнуцца па дапамогу ў Крычаўскую межраённую інспекцыю па ахове працы.
Незалежная газета “Вольны горад” выдаецца накладам 299 асобнікаў, распаўсюджваецца на тэрыторыі Крычаўскага і суседніх раёнаў усходняй Магілёўшчыны.