viasna on patreon

На Гомельшчыне міліцыя працягвае спэцыфічную прафіляктычную кампанію

2007 2007-03-24T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Зь мясцовымі грамадзкімі актывістамі міліцыя спрабуе размаўляць на тэму 89-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі і просіць ня ехаць 25 сакавіка ў Менск.

23 сакавіка ў Рагачове актывіста Віктара Жылінскага спрабавалі выклікаць у мясцовы РАЎС. Начальнік аховы грамадзкага парадку зьвязаўся з апазыцыянэрам па тэлефоне, але Жылінскі спаслаўся на справы ды адмовіўся ад сустрэчы. Суседзі пазьней распавялі, што міліцыянты спрабавалі засьпець яго ў хаце, але спазьніліся, паведамляе Радыё Рацыя.

А вось іншы рагачоўскі актывіст Уладзімер Тамковіч пагадзіўся наведаць мясцовы РАЎС, дзе начальнік гэтай установы Дамасевіч папрасіў яго ўстрымацца ад паездак у Менск 25-га сакавіка.

У той жа дзень у Мазыры падобныя захады адбыліся ў дачыненьні да Ўладзімера Целяпуна. Ранкам зь ім пагутарыў на тэму Дня Волі дырэктар прадпрыемства, на якім актывіст працуе.

Пазьней Целяпуна выклікалі на прахадную, дзе яго чакаў капітан міліцыі Кротаў. Міліцыянт таксама хацеў пагутарыць з актывістам на тэму гадавіны БНР, а таксама атрымаць расьпіску, што ён не паедзе ў сталіцу. Целяпун ад такой прапановы адмовіўся.

У Сьветлагорску Вадзіму Болбасу позву прынесьлі сёньня — у нядзелю актывіст мусіць наведаць мясцовы РАЎС.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства