viasna on patreon

Работнікі Круглянскага ільнозавода застаюцца без працоўных месцаў

2013 2013-06-04T15:01:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kruglae-ilnozavod.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Працаўнікі ААТ “Круглянскі ільнозавод” працягваюць змагацца супраць закрыцця свайго прадпрыемства і абарону сваіх правоў.

Круглянскі ільнозавод  мясцовыя ўлады збіраюцца зачыніць на працягу месяца, працаўнікам прадпрыемства прапануюць ездзіць на працу ў суседні Шклоўскі раён на мясцовы ільнозавод.

Грамадская актывістка з Круглага Зінаіда Мілешчанка, якая раней была дэпутатам мясцовага райсавета па акрузе, дзе ў асноўным пражываюць працаўнікі ільнозавода, зараз дапамагае людзям адстойваць свае правы.

“У Круглым скарачаецца, ліквідуецца альбо аб’ядноўваецца ўжо не першае прадпрыемства, - распавядае Зінаіда Мілешчанка. – Зараз чарга дайшла да старэйшага прадпрыемства раёна – Круглянскага ільнозавода. Бальшыня працаўнікоў перадпенсійнага ўзросту, ім цяжка знайсці нейкую новую працу. Адзінае, што ім прапанавалі ўлады – гэта ездзіць на працу за 40 кілометраў  у суседні Шклоўскі раён на мясцовы ільнозавод. Прычым праца гэта часовая, заключэння нейкіх пастаянных працоўных дамоў з Шклоўскім льнозаводам людзям ніхто не абяцае. Як і выплаты камандзіровачных ці раз’язных”.

Па словах Зінаіды Мілешчанкі, працаўнікі Круглянскага ільнозавода лічаць, што ўсе гэтыя абяцанкі наконт працы ў Шклове – хітрыкі з боку ўладаў, каб не заплаціць ім за ліквідацыю іх працоўных месцаў грашовую дапамогу згодна заканадаўства.

“ Людзі лічаць, што ўсё робіцца дзеля таго, каб не заплаціць ім за ліквідацыю іх працоўных месцаў ні капейкі. Здавалася б, што прасцей – раз ужо стаіць пытанне пра закрыццё завода, дык няхай бы людзей звольнілі згодна заканадаўства: своечасова папярэдзілі, выплацілі прадугледжаную законам дапамогу ды паставілі на ўлік на біржу працы. Дык не, кіраўнікі раёна быццам з ланцуга сарвалася, зневажаючы і абражаючы працаўнікоў і кіраўніцтва прадпрыемства”, - кажа Зінаіда Мілешчанка.

Грамадская актывістка кажа, што пакуль уладам людзей запалохаць не ўдалося, і яны працягваюць змагацца за захаванне свайго прадпрыемства і абарону сваіх правоў.

“Працаўнікі завода напісалі зварот ў пракуратуру Круглянскага раёна, калектыўную заяву ў Магілёўскі аблвыканкам. Зараз людзі збіраюць подпісы пад лістом да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, а таксама пад калектыўным зваротам у Горацкую міжраённую інспекцыю па працы, куды ім параілі звярнуцца за дапамогай праваабаронцы. Некаторыя з працаўнікоў прадпрыемства зараз думаюць пра тое, каб стварыць на Круглянскім ільнозаводзе суполку незалежнага прафсаюза РЭП, бо афіцыйныя прафсаюзы ніякім чынам не дапамаглі людзям адстойваць свае правы, яны паслухмяна гатовы выканаць любы загад кіраўніцтва вертыкалі”, - выказвае сваё меркаванне Зінаіда Мілешчанка.

Усяго ў штаце Круглянскага ільнозавода каля 80 чалавек, бальшыня з якіх адпрацавала на прадпрыемстве больш за 15 гадоў.

За апошнія гады ў Круглянскім раёне былі зачыненыя цэлы шэраг арганізацый і прадпрыемстваў – маслазавод, хлебзавод, райспажыўсаюз, сельгасхімія, Ракушыцкая птушкафабрыка, цагляны завод, Круглянская школа-інтэрнат, рэарганізавана шэраг калгасаў і саўгасаў.

Адзінае вытворчае прадпрыемства ў Круглым, якое пакуль стабільна працуе – гэта мясцовае будаўнічае ПМК -266.  

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства