viasna on patreon

У Магілёве актывісты БСДП сабралі 500 подпісаў у падтрымку Закона “Аб грамадскіх слуханнях”

2013 2013-06-10T17:22:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bsdpg-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Усе подпісы былі высланы ў Магілёўскі раённы, гарадскі і абласны Саветы дэпутатаў, а таксама дэпутатам парламента ад Магілёва Эдуарду Сянкевічу, Уладзіміру Васіленку, Ігару Станкевічу і Аляксандру Разганаву.

Актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) разлічваюць на тое, што дэпутаты дасканала азнаёмяцца з прапановамі партыі, якія былі падтрыманыя магілёўцамі.

Ініцыятыву Закона “Аб грамадскіх слуханнях” каментуе сябра Прэзідыума БСДП ад Магілёўскай вобласці Ігар Барысаў:

“Любая ініцыятыва не ўзнікае на роўным месцы – яна з'яўляецца вынікам аналізу сітуацыі і неабходнасці ў зменах. Як вядома, у Магілёве час ад часу ўзнікаюць гэтак званыя “гарачыя кропкі”, дзе чыноўнікі наступаюць на інтарэсы людзей, у выніку чаго пачынае адбывацца супрацьстаянне, якое праяўляецца ў выглядзе стыхійных мітынгаў, зборах подпісаў, напісанні скаргаў у розныя інстанцыі”, - гаворыць сацыял-дэмакрат.

Ігар Барысаў кажа, што “гарачыя кропкі” на “Чапаеўцы”, “Юбілейным” у Магілёве, а таксама ў вёсцы Нядашава-2 Магілёўскага раёна застаюцца дагэтуль актуальнымі.

“Мы прапануем, каб любое дзеянне ўладаў у пытаннях зносу старых раёнаў, ушчыльненні мікрараёнаў, а таксама перадачы зямлі агульнага карыстання ў пажыццёвую арэнду адбывалася з абавязковым грамадскім абмеркаваннем. У краіне няма агульнага Закона, які б рэгуляваў правядзенне Грамадскіх слуханняў ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, геаграфічна пачынаючы ад маленькай вёскі ці вуліцы і сканчваючы ўзроўнем горада”, - гаворыць сябар Прэзідыума БСДП ад Магілёўскай вобласці.

Ігар Барысаў кажа, што зараз узгадкі пра грамадскія слуханні можна знайсці ў Водным кодэксе і Кодэксе аб зямлі, экалагічным заканадаўстве і заканадаўстве аб горадабудаўніцтве, аднак на сёння няма адзінай распрацаванай тэрміналогіі і адзінага падыходу ў правядзенні грамадскіх слуханняў.

“Закон “Аб грамадскіх слуханнях” прынцыпова адрозніваецца ад існуючага Закона “Аб мясцовым самакіраванні”. Тут не трэба ствараць нейкія структуры і выбіраць туды сваіх прадстаўнікоў. Тут дастаткова проста запытаць думку людзей, сабраць іх, паразмаўляць з імі, каб пачуць розныя пазіцыі і з улікам іх прыняць кампраміснае для ўсіх рашэнне. Гэты закон  паставіць кропку ў часам непатрэбных супрацьстаяннях грамадскасці з мясцовымі ўладамі”, - гаворыць сацыял-дэмакрат.

Варта адзначыць, што актывісты Грамады не распрацоўвалі цалкам Закон “Аб грамадскіх слуханнях”, а толькі тэзісна выказалі сваё бачанне яго з яскравымі прыкладамі, на якія варта звярнуць увагу дэпутатам парламента.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства