Пяць рок-гуртоў адмовіліся ад удзелу ў афіцыйным канцэрце
Паралельна з акцыяй на Дзень Волі, улады заплянавалі свае мерапрыемствы. У той жа час, на які прызначаны збор на Кастрычніцкай, ля нацыянальнай бібліятэкі і ў аэрапорце “Менск-1” пачнецца акцыя БРСМ. Разам з Ірынай Дарафеевай, Camerata, Якавам Навуменкам, аркестрам Фінберга і Русланам Аляхном на афішах былі заяўленыя і рок-гурты “Крок”, “Killqitau”, “Screamline”, “Incilica”, а таксама ляўрэаты “Басовішча-2004” – “Тарпач”. Сёньня ўсе рокеры адмовіліся ад удзелу ў гэтым мерапрыемстве, паведаміла “Наша Ніва”..
Ідэя рок-канцэрту ў аэрапорце належыць прадусару Анатолю Марціновічу, памочніку рэжысэра акцыі “За незалежную Беларусь”. Ён сьцярджае, што літаральна ўчора размаўляў з усімі прадстаўнікамі гуртоў, і ніхто не адмаўляўся ад удзелу. А.Марціновіч пацьвердзіў палітызаванасьць канцэрту: “Толькі камэрцыйныя імпрэзы могуць быць па-за палітыкай”. “На ўсіх адна Беларусь, і калі людзі не разумеюць, што яны проста артысты і яны выступаюць перад людзьмі, якія прыйшлі іх паслухаць – то гэта выключна іх праблемы”, — падсумаваў памочнік рэжысэра акцыі БРСМ.
Вакалістка гурту “Тарпач” Вольга Самусік распавядае, што ў межах акцыі БРСМ мелася прайсьці прэзэнтацыя складанкі альтэрнатыўнай музыкі. “Відаць, людзі, якія займаліся гэтым праектам вырашылі ашчадзіць грошы і ўпісалі нас на 25-га”, — кажа сьпявачка. Музыкі сьцярджаюць, што ня ведалі, якая гэта будзе акцыя, таму далі згоду. І апынуліся на афішах побач зь “Тяні-Толкай” і Паплаўскай ды Ціхановічам.. “Каб не падстаўляць адзін аднаго, мы параіліся, — апавядае Вольга Самусік. — І вырашылі не ісьці на гэтую акцыю”.