Мікалай Уласевіч накіраваў шостую скаргу ў Вярхоўны суд
Грамадскі актывіст з Астравеччыны Мікалай Уласевіч накіраваў ужо шосты па ліку зварот у Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь. Усе ранейшыя звароты вярнуліся да яго без разгляду па сутнасці. Да чарговага звароту Уласевіч прыклаў таксама скаргу на 30 старонках, якая пайшла таксама у Вярхоўны суд на пастанову суда па адміністрацыйнай справе па арт. 23.4 КаАП.
Мікалай Уласевіч перакананы, што пракуратура ўпарта не разглядае яго зварот па-сутнасці, паколькі імкнецца прыхаваць сур'ёзныя парушэнні заканадаўства з боку прадстаўнікоў астравецкай міліцыі. Нас думку Уласевіча, дзеянні астравецкіх службовых асобаў падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэксу. Справа датычыць яшчэ выбарчай кампаніі 2012 года, калі Уласевіч быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Тады супраць яго была сфабрыкаваная адміністрацыйная справа паводле артыкулу 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэннях – «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы». Прайшоўшы некалькі судовых інстанцый, Уласевічу пакуль не ўдаецца дамагчыся справядлівасці.
У адпаведнасці з арт.166-168, 172 ,173 КПК Уласевіч просіць Генеральную пракуратуру правесці адпаведную праверку па незаконных дзеяннях праваахоўных органаў Астравецкага раёну, у тым ліку пракурора Аляксандра Марцінчыка і суддзі Аляксандра Раткевіча, а таксама дзеянняў пракуратуры Гродзенскай вобласці.