viasna on patreon

І штрафы не аспрэчылі, і на працэс Гайдукова не трапілі

2013 2013-06-13T01:39:01+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vicebski-ablasnu-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў і страшыня віцебскай арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў прыйшлі на разгляд сваіх касацыйных скаргаў у Віцебскі абласны суд. Далей першага паверха іх не пусцілі, бо там пачынаўся закрыты працэс над Андэем Гайдуковым. У задавальненні скаргаў актывістам адмовілі і праз нейкіх 15 хвілін  выставілі за дзверы.

"Мы прыйшлі да 9.30, нас абшукалі, праверылі металашукальнікам і запрасілі ў залу на першым паверсе. Суддзя Ірына Смалякова усё вырашыла вельмі хутка: у задавальненні скаргі адмовіць, пакаранне - штраф памерам 2 мільёны- пакінуць у сіле, рашэнне Кастрычніцкага суду, які аштрафаваў мяне як удзельніка несанкцыянаванага пікету ў дзень угодкаў Чарнобыльскай трагедыі, - слушнае…. Маіх аргументаў пра тое, што я не пікетаваў, а проста выказваў сваё меркаванне наконт недапушчальнасці будаўніцтва АЭС у Беларусі, суд нібыта і не заўважыў. Хаця я проста скарыстаўся сваім канстытуцыйным правам на свабоду выказванняў сваіх думак", -- распавёў Ян Дзяржаўцаў.

Размова пра правы адбылася з суддзёй і ў Леаніда Аўтухова. Ён збіраўся аспрэчыць рашэнне Кастрычніцкага райсуду, дзе яго абвінавацілі ў парушэнні заканадаўства аб СМІ. Аднак да разгляду акалічнасцяў так і не дайшло, кажа спадар Аўтухоў:

"Суддзя адразу пачала распытваць пра маю справу. А я папрасіў, каб мне прадаставілі перакладчыка або каб суддзя размаўляла па-беларуску. Тут Ірына Смалякова дастала са справы копію майго школьнага атэстату і заявіла, што я там вывучаў рускую мову. Адпаведна, перакладчыка мне не трэба. Тое, што я магу не так зразумець яе пытанні, суддзю не турбавала. Тады запытаўся я: чаму ў самым пачатку яна не абвясціла мае правы, у тым ліку і на карыстанне роднай мовай,  і на ўдзел перакладчыка ў працэсе. Але Ірына Смалякова сказала, што я, маўляў, у судах бываю тры разы на месяц, і таму свае правы і так добра ведаю. Што тут скажаш? Я папрасіў прабачэння і выйшаў з залы. Рашэнне аб адхіленні касацыйнай скаргі гучала ўжо без мяне".

Ведаючы, што ў абласным судзе мусіць разглядацца справа Андрэя Гайдукова, якога вінавацяць у здрадзе дзяржаве, актывісты паспрабавалі трапіць на працэс. Але іх не пусцілі  нават падыйсці да лесвіцы на другі паверх: міліцыянты з аховы, якой было болей, чым звычайна, сказалі, што працэс закрыты. І выставілі абодвух за дзверы. Тут актывісты сталі сведкамі, як нахабна супрацоўнікі міліцыі паводзіліся з іншымі ахвотнымі трапіць у суд: заміналі працаваць журналістам, штурхалі дзяўчат, пагражалі ўсіх адправіць у пастарунак за парушэнне правапарадку.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства