viasna on patreon

Бабруйск: дыскрымінацыя сябраў Свабоднага прафсаюза працягваецца

2013 2013-06-14T13:24:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/prafsajuzz.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў працягваецца ціск на сябраў Свабоднага прафсаюза Беларускага. Нагадаем, канфлікт кіраўніцтва прадпрыемства і суполкі цягнецца ўжо вельм даўно, а яе старшыні Міхаілу Кавалькову нават даводзілася праз суд дабівацца права свабодна трапляць на тэрыторыю завода.

Апошнім часам завадское кіраўніцтва абрала тактыку грашовых недаплат, якія тычацца менавіта сябраў СПБ.

-Нашым “свабоднікам” не далі прэміі, патлумачылі гэта тым, што згодна з калектыўнай дамовай, якую кіраўніцтва завода і афіцыйны прафсаюз падпісалі ў сакавіку, http://spring96.org/be/news/62154 на нас фінансавыя бонусы не распаўсюджваюцца, - распавядае Аксана Кернажыцкая, сябра СПБ. – Але як тады быць з тымі людзьмі, якія не ўваходзяць ні ў адзін з прафсаюзаў? Мы даведаліся, што ім гэтыя прэміі ўсё ж выплацілі. Аказваецца, уся праблема толькі ў тым, што мы ў свабодным прафсаюзе.

Аксана Кернажыцкая кажа, што падыходзіла з пытаннем пра прэміі да начальніка цэха. Адзначыла, што яе зарабілі ўсе працоўныя, а Міхаіл Ваянец у адказ прапанаваў перайсці ў прафсаюз АСМ, тады, маўляў, будуць грошы.

-Нас засталося ўжо няшмат, але ведаеце, гэта ўжо не пытанне грошай, гэта пытанне сумлення, - кажа Ірына Коршунава, сябра СПБ. – Мяне спрабавалі звольніць, зараз гэтыя праблемы з прэміямі. Але кіраўніцтва завода не задумваецца, што з дапамогай грошай яны не нас караюць, а нашых дзяцей. Яны ўсё імкнуцца нас запалохаць. У мяне ў сувязі з гэтым адно толькі ўзнікае пытанне: чаму дырэктар завода адчувае такую беспакаранасць, чаму нават пастановы суда для яго не закон?

-Нядаўна мы заўважылі, што з усіх працоўных завода вылічылі грошы на “Чырвоны крыж” і вельмі з гэтай нагоды абурыліся. Не таму, што там былі вялікія грошы, там была сума 10 000, а таму, што нас нават не спыталіся, ці хочам мы гэтага, - дадае Аксана Кернажыцкая. - Напрыклад, нас, як сябраў СПБ, пазбавілі магчымасці карыстацца бібліятэкай, спарткомплексам, пазбавілі грашовых дапамог, а як вылічыць на “Чырвоны крыж” – тут мы роўныя з усімі. Мы ўзнялі гэтае пытанне, іншыя працоўныя далучыліся, і нам паабяцалі ў наступным месяцы гэтыя грошы вярнуць.

Лідэр суполкі СПБ на заводзе ТДіА Міхаіл Кавалькоў кажа, што сітуацыя, якая склалася на заводзе, усё больш дыскрымінацыйная ў дачыненні да “свабоднікаў”.

-Спачатку кіраўніцтва завода і прафсаюз АСМ складаюць дыскрымінацыйную дамову, потым далейшы фінансавы ціск. Хіба гэта правільна, калі на прэмію зарабляе ўвесь цэх, а выплочваюць грошы толькі сябрам афіцыйнага прафсаюза? Вось намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Уладзімір Елісеенка адмаўляецца даваць каментары журналістам, нібыта здымае з сябе адказнасць. Але ад яго таксама шмат што залежыць, і ўсе гэта выдатна ведаюць, - рэзюмуе Міхаіл Кавалькоў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства