Стартавала кампанія салідарнасці "Тыдзень палітвязня"
Ад 17 чэрвеня Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць” распачынае інфармацыйную кампанію салідарнасці з палітвязнямі Беларусі “Тыдзень палітвязня”.
Як паведаміла пад час прэсавай канферэнцыі старшыня камітэту Іна Кулей, “людзі, якія за свае перакананні патрапілі за краты, патрабуюць нашай штодзённай увагі і падтрымкі. Гэта такі марафон для таго, каб расказаць пра кожнага палітзняволенага вельмі падрабязна, каб знайсці тую струнку, тую нотку, якая будзе цікавая кожнаму чалавеку, які можа прачытаць на сайтах, у газетах, альбо пачуць, спрычыніцца да лёсу палітзняволенага і адчуць патрэбу напісаць яму словы падтрымкі.Таму кожны тыдзень будзе прысвечаны аднаму з палітзняволеных, а пачнецца марафон з кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, які адбывае пакаранне у Магілёўскай турме".
Адмыслова да кампаніі створаныя паштоўкі з надпісамі “Вольнаму – воля”, якія будуць дасылацца ў месцы зняволення 11-ці палітвязняў. Таксама плануецца правядзенне акцый, сустрэч ды іншых мерапрыемстваў. Штопятніцу будзе ладзіцца нефармальная вечарына са сваякамі зняволеных.
Цягам кожнага тыдня на сайце http://www.salidarnasc.org/ будзе з’яўляцца інфармацыя пра канкрэтнага палітычнага зняволенага пад агульнай рубрыкай: “Пяць нагодаў, каб больш даведацца пра палітвязня”: важныя моманты з жыцця, біяграфія, сведчанні паплечнікаў, словы падтрымкі ад беларускіх і замежных грамадскіх дзеячоў, і галоўнае, нагадванне пра патрэбу ў ліставанні са зняволенымі.
На прэс-канферэнцыі выступіла жонка палітвязня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, якая распавяла пра апошняе тэлефанаванне мужа, падзялілася ягонымі меркаваннямі аб апошніх падзеях у грамадстве. Яна падкрэсліла, што салідарнасць яму вельмі патрэбная, хоць Мікалай Статкевіч і вельмі мужны чалавек: у 2012-м увогуле быў пэрыяд, калі ні ад яго ніводзін ліст не даходзіў, ні яму не перадавалі лістоў. Ён вытрымаў гэтую сытуацыю, але ўсё роўна такія акцыі вельмі патрэбныя і яму, і ўсім іншым палітвязьням”.
Кампанію салідарнасці “Тыдзень палітвязня” мяркуецца завяршыць
напярэдадні сканчэння тэрміну зняволення палітвязня Зміцера Дашкевіча напрыканцы
гэтага лета.