Абследаванне: большасць беларускіх дзяцей выхоўваюцца з прымяненнем насільных метадаў
Паводле звестак абследавання хатніх гаспадарак, большасць беларускіх дзяцей выхоўваюцца з прымяненнем насільных метадаў.
Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення статыстыкі ўзроўню жыцця насельніцтва і абследавання дамашніх гаспадарак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Канашонак на канферэнцыі «Абследаванне дамашніх гаспадарак па ацэнцы становішча дзяцей і жанчын у Рэспубліцы Беларусь (МІКС 4)» 20 чэрвеня ў Мінску.
Паводле яе слоў, звесткі абследавання сведчаць, што 65% дзяцей ва ўзросце 2–14 гадоў зведваюць як мінімум адну з форм псіхалагічнага ці фізічнага пакарання з боку дарослых членаў сям’і.
Канашонак адзначыла, што толькі 8% бацькоў лічаць, што для належнага выхавання да дзяцей трэба прымяняць фізічнае пакаранне. Аднак на практыцы кожнае трэцяе (34%) дзіця ва ўзросце 2–14 гадоў атрымлівае нейкі від такога пакарання. Працэнт хлопчыкаў, да якіх прымяняюцца гвалтоўныя метады дысцыплінавання, некалькі вышэйшы, чым дзяўчынак, — 67 і 62% адпаведна.
Канашонак адзначыла, што «гэтая праблема патрабуе пільнай увагі ўсяго грамадства, бо насілле нясе глыбокія наступствы для фізічнага, душэўнага і нават рэпрадуктыўнага здароўя».
Дзеці, якія выраслі ў такой атмасферы, у будучыні становяцца ахвярамі насілля і ў далейшым учыняюць гвалтоўныя дзеянні да сваіх блізкіх. Так, сярод людзей, якіх у дзяцінстве фізічна каралі, 63% выхоўваюць дзяцей з прымяненнем фізічных пакаранняў.
Спецыяліст заўважыла, што сярод дзяцей 2–14 гадоў, якіх выхоўвалі ненасільнымі метадамі, амаль кожнаму (97%) тлумачылі, чаму яго ці яе паводзіны няправільныя, прыкладна 70% дзяцей забаранялі рабіць тое, што ім падабаецца, амаль 90% прапанавалі заняцца чымсьці іншым.