viasna on patreon

Працаўнікі Круглянскага ільнозавода “выбіваюць” заробкі праз суд

2013 2013-06-24T11:03:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kruglae-ilnozavod.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Працаўнікі Круглянскага ільнозавода 20 чэрвеня падалі пазоў у суд Круглянскага раёна з патрабаваннем да адміністрацыі прадпрыемства выплаціць заробкі за красавік і травень, а таксама грошы на адпускныя.

Жанчын, якія працуюць на прадпрыемстве, адправілі ў адпачынак і не пусцілі на працоўныя месцы 20 траўня, пасля таго, як яны калектыўна выступілі супраць закрыцця Круглянскага льнозавода. Да гэтага часу ім не выплацілі заробак за красавік і адпрацаваныя дні траўня, а таксама так званыя адпускныя грошы, якія павінны былі аддаць перад сыходам у вымушаны адпачынак.

Да падачы пазова ў суд жанчыны звярталіся па дапамогу ў пракуратуру ў Круглянскага раёна, аднак там іх не абнадзеілі ніякім чынам, сказалі, што завод усё роўна будзе зачынены.

Грамадская актывістка з Круглага Зінаіда Мілешчанка, якая дапамагае людзям адстойваць свае правы і складаць скаргі ў розныя інстанцыі, кажа, што людзі знаходзяцца проста ў адчаі.

“І ў мяне асабіста, і ў працаўнікоў льнозавода складваецца ўражанне, што раённыя ўлады ўсё робяць  дзеля таго, каб не заплаціць работнікам завода за ліквідацыю іх працоўных месцаў ні капейкі. Круглянскія ўлады не хочуць зачыніць завод  і звольніць людзей згодна заканадаўства: своечасова папярэдзіць, выплаціць прадугледжаную законам дапамогу, ды паставіць на ўлік на біржу працы. Замест гэтага яны зачыняюць завод паэтапна. Жанчынам прапануюць часовую працу за 40 кіламетраў у Шклове, дзе яны змогуць адпрацаваць месяц-другі, а пасля зноў застануцца бяз працы. Улады проста хочуць прымусіць работніц льнозавода звольніцца па ўласнаму жаданню, каб не выплочваць грашовую дапамогу за страту працоўных месцаў.

Ім да гэтага часу не выплацілі заробак за красавік і травень, а таксама і адпускныя, хоць адпачынак у жанчын заканчваецца 25 чэрвеня. Я дапамагла працаўніцам льнозавода скласці і падаць пазоў у суд Круглянскага раёна, будзем чакаць, ці здолее ён абараніць іх правы”.

Бальшыня працаўнікоў, якім пагражае звальненне, адпрацавалі на заводзе больш за 15 гадоў. Многія з жанчын знаходзяцца ў перадпенсійным узросце.

За апошнія гады ў Круглянскім раёне былі зачыненыя цэлы шэраг арганізацый і прадпрыемстваў. Адзінае вытворчае прадпрыемства ў Круглым, якое пакуль стабільна працуе – гэта мясцовае будаўнічае ПМК -266.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства