viasna on patreon

Сёння – Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў

2013 2013-06-26T09:41:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/katavanni.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 чэрвеня 1987 года ўступіла ў сілу Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечых, ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. Праз 10 год Генеральная Асамблея ААН абвясціла гэты дзень Міжнародным днём у падтрымку ахвяраў катаванняў.

Беларускія праваабаронцы, якія паслядоўна і сістэматычна даследуюць тэму катаванняў у краіне, прызнаюць, што гэтая праблема вельмі востра стаіць у нашым грамадстве.  Беларускія праваахоўныя органы сістэматычна выкарыстоўваюць катаванні як спосаб дамагчыся прызнальных паказанняў. Супрацьстаяць гэтай з’яве досыць цяжка, паколькі ў беларускім заканадаўстве адсутнічае сам тэрмін “катаванні” і, адпаведна, не прадугледжана адказнасць за іх прымяненне.

Грамадскія актывісты неаднаразова накіроўвалі ў Палату прадстаўнікоў звароты аб увядзенні ў беларускае крымінальнае заканадаўства паняцця “катаванне” і адказнасці за гэтае злачынства. Таксама ад дэпутатаў патрабавалі  пачаць распрацоўку Закону супраць катаванняў.

У 2011 годзе пад час 47 сесіі Камітэт супраць катаванняў ААН зрабіў заўвагі што тычыцца Беларусі, у якіх было рэкамендавана неадкладна ўвесці ў Крымінальны кодэкс нормы, якія даюць вызначэнне катаванню і кваліфікуюць яго ў якасці крымінальнага злачынства, у поўнай адпаведнасці з артыкуламі 1 і 4 Канвенцыі супраць катаванняў ААН.

Выступаючы  4 чэрвеня з трыбуны ААН пад час абмеркавання справаздачы Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч яшчэ раз заклікаў беларускія ўлады запрасіць у краіну тэматычных дакладчыкаў ААН, у тым ліку дакладчыкаў па катаваннях, абароне праваабаронцаў, незалежнасці судовай сістэмы і адвакатуры, свабодзе асацыяцый і Працоўную групу па адвольных затрыманнях. 

У “Справаздачы  па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь”, падрыхтаванай Праваабарончым цэнтрам “Вясна” ў супрацы з вопытным экспертам, юрыстам з вялікай адвакацкай практыкай Паўлам Сапелкам у 2013 годзе, тэме катаванняў прысвечаны асобны раздзел.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства