Страйк супраць Мытнага зьвязу
27 чэрвеня на шэрагу рэчавых рынках па ўсёй Беларусі заплянаваны аднадзённы агульнанацыянальны папераджальны страйк прадпрымальнікаў, незадаволеных новымі правіламі гандлю ў рамках Мытнага зьвязу.
Адпачатку плянавалася, што ў рамках тэхнічнага рэглямэнту, абумоўленага ўмовамі працы
ў рамках Мытнага зьвязу,
ад 1 ліпеня суб’екты гаспадараньня абавязаныя афармляць
сэртыфікаты якасьці на тавары лёгкай
прамысловасьці. Як паказвае досьвед, працэдура расьцягваецца ў часе,
а таксама вымагае значных матэрыяльных выдаткаў.
На знак пратэсту гандляры заявілі пра адмову фінансаваць чарговы сумнеўны
праект і прыгразілі масавым непадпарадкаваньнем. У выніку
Міністэрства гандлю пайшло на саступкі, дазволіўшы прадпрымальнікам
працаваць паводле звыклай схемы яшчэ год. Аднак, як кажа адзін
зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў,
няма ніякай пэўнасьці, што ад 1 ліпеня ўсё будзе па-ранейшаму. Таму
заўтра асабіста ён на працу ня выйдзе:
«У сувязі з тым,
што гэтая пастанова дагэтуль не падпісаная і можа быць
не падпісаная ўвогуле — мы такое ўжо ня раз
праходзілі — заўтра адбудзецца рэспубліканскі страйк. То бок існуе
ўзгоднены праект пастановы, але яго мусіць зацьвердзіць Міністэрства фінансаў.
У такім выпадку пытаньне збольшага нівэлюецца. Але пакуль подпісу Мінфіну
там няма, то стан застаецца, што называецца, падвешаны. Таму страйк будзе
насіць характар папераджальнага. Адзіны, праўда, недахоп, — што бракуе
інфармацыі і мала ўлётак. У выніку шмат хто пра акцыю папросту
ня ведае. Але хто ў курсе, то, думаю, падтрымае. Асабіста
я заўтра на працу не выходжу. Думаю, самая яскравая карціна
будзе на рынку ў Ждановічах — дастаткова будзе прайсьціся
па павільёнах «Сьвету моды».
Ініцыятар папераджальнага страйку — аб’яднаньне прадпрымальнікаў
«Пэрспэктыва». Лідэр арганізацыі Анатоль Шумчанка кажа, што праблема
з сэртыфікацыяй пакуль што далёкая ад разьвязаньня. Паводле ягоных
словаў, цяпер праект праходзіць узгадненьне ў Міністэрстве юстыцыі, але,
мяркуючы па атрыманых зьвестках, не афармляць сэртыфікаты дазволяць
толькі тым, у каго ёсьць дакумэнты, якія пацьвярджаюць паступленьне
і набыцьцё тавараў з краінаў Мытнага зьвязу. А з тэхнічнага
гледзішча гэта зрабіць практычна нерэальна.
Да таго ж заканадаўчая норма тычыцца толькі індывідуальных
прадпрымальнікаў, якія сплачваюць адзіны падатак, а прыватныя ўнітарныя
прадпрыемствы мусяць мець усе дакумэнты ў адпаведнасьці з тэхнічным
рэглямэнтам. Таму адна з галоўных задачаў, акрэсьленых «Пэрспэктывай»
на 27 чэрвеня, — давесьці да прадпрымальнікаў усе нюансы
Мытнага зьвязу.
Адзін з кіраўнікоў Цэнтру абароны правоў уласнасьці
і прадпрымальнікаўІгар
Леднік перакананы:
дзяржава мусіць з большым імпэтам адстойваць правы сваіх грамадзянаў,
уступаючы ў такія палітычныя праекты, як Мытны зьвяз
ды ім падобныя:
«Калі ўжо Беларусь у Мытным зьвязе, то ўсе рашэньні прымаюцца на ўзроўні профільных камісій. І тое, што зараз паводле тэхрэглямэнту прадпрымальнікам далі яшчэ год працаваць, дык гэта якраз вынік перамоваў нашага кіраўніцтва з Масквой. Але праблемы, якія і да гэтага існавалі ў межах праектаў, якія будуюцца зьверху, якія не ідуць ад уласнасьці, ад пабудовы рынку, а ўсё ідзе на ручным кіраваньні, абцяжарваюцца рознымі перашкодамі. Ёсьць сэктары ў эканоміцы, якія павінны нібыта інтэгравацца ў межах зьвязу. Але, на жаль, існуе багата перашкодаў, якія ўзьнікаюць чыста з палітычных матываў».