viasna on patreon

Слонім: доктара Івана Шэгу звольнілі з працы

2013 2013-06-27T17:41:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shega.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Іван Шэга

Іван Шэга

Сёння доктара-траўматолага, спецыяліста вышэйшай катэгорыі Івана Шэгу звольнілі з працы. Доктара выклікалі ў адміністрацыю бальніцы, разлічылі, аддалі працоўную кніжку і сказалі, што ён ужо ў райбальніцы не працуе. Іван Шэга пакінуў медыцынскую ўстанову, якой аддаў больш за 30 гадоў. На пытанне, чым цяпер ён будзе займацца, доктар і грамадскі актывіст на Слонімшчыне Іван Шэга адказаў, што “некалькі дзён адпачну, усё абдумаю, а потым, калі не медыцынай, дык грамадскай дзейнасцю займацца буду”.

Нагадаем, што доктару Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы Івану Шэгу сёлета споўнілася 60 гадоў, 30 гадоў з якіх ён адпрацаваў у Слонімскай раённай бальніцы. Доктар вопытны, спецыяліст вышэйшай катэгорыі, якога ведаюць як добрага спецыяліста ўсе жыхары Слонімшчыны і нават суседніх раёнаў, ён поўны сіл і энергіі працаваць і надалей. І гэта ведае і галоўны ўрач Слонімскай ЦРБ Юрый Пяцельскі. 24 красавіка за подпісам Пяцельскага Іван Іванавіч Шэга атрымаў афіцыйнае пісьмо: “Адміністрацыя УА “Слонімская ЦБР паведамляе, што з Вамі будзе працягнуты кантракт тэрмінам на адзін год з 28 чэрвеня 2013 года да 27 чэрвеня 2014 года”.  Вядома ж, свой мясцовы доктар, як такога можна выганяць, калі ён добры спецыяліст, а ў Слонімскай ЦРБ сёння не хапае дзесятка дактароў. Напрыклад, каб патрапіць да неўрапатолага, трэба чакаць месяц, да уролага -- каля двух месяцаў, тое самае і з траўматолагамі. Не хапае ў Слоніме траўматолагаў, бо нядаўна два добрых спецыялісты пераехалі ў Калінкавічы, уролаг — адзін і то ён даўно пенсіянер. Маладыя спецыялісты прыедуць, адпрацуюць два гады і пакідаюць горад. І раптам, 21 мая Іван Шэга атрымлівае ад таго ж Пяцельскага новае пісьмо, дзе галоўны ўрач папярэджвае: “Адміністрацыя Слонімскай ЦРБ паведамляе, што 27 чэрвеня Вы будзеце звольнены ў сувязі з канчэннем тэрміну кантракта, п.2 арт.35 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь”.

Такое рашэнне галоўнага ўрача Слонімскай ЦРБ Пяцельскага не на карысць усіх слонімцаў. У абарону доктара выступілі землякі Івана Шэгі, якія сабралі некалькі тысяч подпісаў дзеля таго, каб доктар застаўся працаваць у райбальніцы. У абарону доктара выступіла і творчая інтэлігенцыя Слонімшчыны, кіраўнікі партыйных суполак горада, але ўсё гэта не дапамагло: да людзей вертыкальшчыкі так і не прыслухаліся. Доктара Івана Шэгу звольнілі.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства