Гары Паганяйла: Пакласці справу Завадскага на паліцу ўладам не атрымаецца
На думку старшыні юрыдычнай камісіі праваабарончага аб'яднання "Беларускі Хельсінскі камітэт" Гары Паганяйлы, следства "мала зрабіла для расследавання справы Дзмітрыя Завадскага". "Цалкам не даказаны сам факт выкрадання, не высветленыя яго абставіны, хто ў ім удзельнічаў. Хоць абвешчана, што ўдзельнікамі выкрадання з'яўляюцца Малік і Ігнатовіч, але яны дзейнічалі ў складзе групы невядомых асобаў. Абодва знаходзяцца ў турме, і незразумела, чаму нельга было працягнуць працу з імі, каб высветліць усе абставіны справы", - адзначыў юрыст. Паводле яго ацэнкі, прысуд у дачыненні да выкрадальнікаў Завадскага "гучыць вельмі непераканаўча, прадстаўлена мала доказаў таго, што злачынства сапраўды раскрытае".
Гары Паганяйла:
- Нічога не змянілася, бо ўжо 7 гадоў як расследаванне прыпынена. Ніякіх следчых дзеянняў не вядзецца, нічога не прадпрымаецца, у тым ліку і ў спаве росшуку. Адным словам, улады толькі адпісваюцца, што нешта нібыта робяць. Але не могуць прадставіць хоць якія-небудзь матэрыялы, якія сведчылі б пра тое, што нешта рэальна за гэтыя гады рабілася.
На думку Гары Паганяйлы, трэба не дапусціць закрыцця справы Завадскага з-за сканчэння тэрміну даўніны.
- Практычна для далейшага расследавання тэрміны заканчваюцца. Але калі не знойдзена цела, не ўстаноўлены лёс чалавека, то магчыма, што ён жывы. Або ён забіты. Але для гэтага трэба ведаць дакладна, мець доказы такога факту. Тады можна справу спыніць. А калі цела не знойдзена, лёс чалавека невядомы, то проста так справу пакласці на паліцу уладам не атрымаецца. Мы будзем уздымаць пытанне, каб працягваліся пошукі.
"Дзяржава дэманструе нежаданне працаваць па справах зніклых палітыкаў і журналістаў - гэта не проста бязвольнасць і безыніцыятыўнасць, гэта адсутнасць усякага жадання весці следства і збіраць доказы", - падкрэсліў праваабаронца. Як лічыць прадстаўнік БХК, "бяздзейнасць уладаў самым красамоўным чынам сведчыць пра іх датычнасьць да злачынстваў".