У Магілёве склалі адміністрацыйны пратакол на арганізатара пікета супраць расійскай авіябазы
Сёння, 7 ліпеня, актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Гладышаў адпаведнай позвай быў выкліканы ў Ленінскі РАУС г.Магілёва. У міліцыі актывіста АГП у чарговы раз апыталі і склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Мікалая Гладышава абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 “Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў” Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Супрацоўнік міліцыі Загорскі паведаміў актывісту, што ў бліжэйшы час яго выклічуць у суд, і яму трэба чакаць адпаведнай позвы.
Нагадаем, што 4 ліпеня Мікалай Гладышаў правёў адзіночны пікет супраць размяшчэння ў Беларусі расійскай авіябазы. На плоце былога Дома быта ў цэнтры Магілёва ён размясціў плакат “Не расійскім авіябазам на беларускай зямлі». Праз паўтары гадзіны актывіст быў затрыманы. Міліцыянт адвёў яго ў бліжэйшы пастарунак, дзе быў складзены пратакол апытання. Пасля складання пратаколу Гладышаву была выпісана позва ў міліцыю, пасля чаго ён быў адпушчаны.