Слонім: чыноўнік з Гродна “не заўважыў” заяваў доктара Шэгі аб жаданні працягнуць кантракт
Працягваецца супрацьстаянне пацыентаў слонімскага доктара Івана Шэгі па пытанні яго звальнення. Нядаўна адказ на зварот слонімцаў прыйшоў ад начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама за подпісам начальніка ўпраўлення А.А.Стрыжака. Чыноўнік паведамляе, што “ пры правядзенні праверкі парушэнняў працоўнага законадаўства Рэспублікі Беларусь у адносінах скасавання кантракту з доктарам-артапедам-траўматолагам Слонімскай ЦРБ Шэга І.І. не выяўлена. Усе прававыя аспекты пры скасаванні кантракту былі выкананы. Самім жа Шэга І.І. якіх-небудзь дзеяннняў па той сітуацыі, якая склалася, не рабілася…”.
Атрымаўшы такі адказ, Іван Шэга пракаментаваў яго так: “Чыноўнік з Гродна хлусіць. Я двойчы пісаў заяву наконт таго, што хачу працягнуць кантракт і надалей працаваць у Слонімскай ЦРБ. Першы раз проста напісаў і аддаў заяву галоўнаму ўрачу, а другі раз яе зарэгістравалі ў кнізе заяў. Гэта па-першае. І другое, на такі адказ чыноўніка слонімцы ўжо напісалі некалькі скаргаў і даслалі ў вышэйстаячыя інстанцыі. Бо спадар Стрыжак альбо не ведае што тут адбылося, альбо яго проста падманваюць кіраўнікі Слонімскай ЦРБ”.
Атрымаўшы адпіску ад медыцынскага чыноўніка з Гродна, у якой ён старанна апавядае пра правы галоўнага ўрача і адзначае, што Іван Шэга ніякіх крокаў па працягванню кантракта не рабіў, слонімцы вельмі ўзрушыліся і напісалі скаргі ў міністэрства аховы здароўя, у адміністрацыю прэзідэнта і іншыя ўстановы.
Нагадаем, што доктару Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы Івану Шэгу сёлета споўнілася 60 гадоў, 30 гадоў з якіх ён адпрацаваў у Слонімскай раённай бальніцы. Доктар вопытны, спецыяліст вышэйшай катэгорыі, якога ведаюць як добрага спецыяліста ўсе жыхары Слонімшчыны і нават суседніх раёнаў, ён поўны сіл і энергіі працаваць і надалей. І гэта ведае і галоўны ўрач Слонімскай ЦРБ Юрый Пяцельскі. 24 красавіка за подпісам Пяцельскага Іван Іванавіч Шэга атрымаў афіцыйнае пісьмо: “Адміністрацыя УА “Слонімская ЦБР паведамляе, што з Вамі будзе працягнуты кантракт тэрмінам на адзін год з 28 чэрвеня 2013 года да 27 чэрвеня 2014 года”. Вядома ж, свой мясцовы доктар, як такога можна выганяць, калі ён добры спецыяліст, а ў Слонімскай ЦРБ сёння не хапае дзесятка дактароў. Напрыклад, каб патрапіць да неўрапатолага, трэба чакаць месяц, да ўролага -- каля двух месяцаў, тое самае і з траўматолагамі. Не хапае ў Слоніме траўматолагаў, бо нядаўна два добрых спецыялісты пераехалі ў Калінкавічы, уролаг — адзін і то ён даўно пенсіянер. Маладыя спецыялісты прыедуць, адпрацуюць два гады і пакідаюць горад. І раптам 21 мая Іван Шэга атрымлівае ад таго ж Пяцельскага новае пісьмо, дзе галоўны ўрач папярэджвае: “Адміністрацыя Слонімскай ЦРБ паведамляе, што 27 чэрвеня Вы будзеце звольнены ў сувязі з канчэннем тэрміну кантракта, п.2 арт.35 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь”. 27 чэрвеня Івана Шэгу звольнілі.