Адвакат Андрэя Гайдукова абскардзіў прысуд
Абарона Андрэя Гайдукова абскардзіла ў вышэйшай судовай інстанцыі прысуд, які на мінулым тыдні вынес грамадзкаму актывісту Віцебскі абласны суд.
Пра тое, што адвакат Андрэя Гайдукова Вадзім
Мушынскі абскардзіў прысуд, паведаміла маці асуджанага актывіста Вольга
Гайдукова. Паводле яе зьвестак, Андрэя сама меней да канца месяца
будуць трымаць у Віцебскім СІЗА. За гэты час маці паспрабуе атрымаць
зь ім сустрэчу.
Грамадзкі актывіст з Наваполацку Андрэй Гайдукоў 1 ліпеня быў
прызнаны вінаватым у спробе наладзіць супрацоўніцтва з замежнай
выведкай і асуджаны на 1,5 года зьняволеньня. Суд праходзіў
за зачыненымі дзьвярыма. Дагэтуль невядома, ці прызнаў сябе вінаватым
Андрэй Гайдукоў, ці адмаўляе абвінавачаньні.
Паводле намесьніка пракурора Віцебскай вобласьціАляксандра Сідаровіча,
зь якім пасьля суду гутарыла карэспандэнт «Комсомольской правды»
в Белорусии«, Андрэй Гайдукоў нібыта спрабаваў скантактавацца з ЦРУ,
дзеля чаго перадаў ліст з прапановамі аб супрацоўніцтве свайму сябру,
які выяжджаў за мяжу. Ліст Гайдукова ў ЦРУ трапіў на мяжы
да беларускіх спэцслужбаў, якія далей кантралявалі кожны крок падазронага
Андрэя Гайдукова і арыштавалі яго ў момант, калі актывіст скарыстаў
тайнік, закладзены нібыта амэрыканскімі шпіёнамі.