Гомельскія актывісты просяць кіраўніцтва РПЦ дапамагчы ў захаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій
Актывісты аргкамітэту па захаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, створанага ў Гомелі, накіравалі ліст у Маскоўскі патрыярхат рускай праваслаўнай царквы з просьбай аб дапамозе. Некалькі гадоў таму актывісты ўсталявалі ахвярны крыж каля шашы «Гомель-Чарнігаў» на месцы масавых расстрэлаў людзей, каб ушанаваць памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій. У 2013 годзе расійская кампанія «Русские сладости» пачала будаваць непадалёк ад крыжа лагістычны цэнтр. Тут, у лесе за гомельскім мікрараёнам Навабеліца праходзілі масавыя расстрэлы людзей, у памяць аб ахвярах былі ўсталяваны некалькі крыжоў, і актывісты хвалююцца, што праз забудову помнікі ахвярам будуць знішчаны. Падтрымку ў справе абароны памяці ахвяр рэпрэсій актывісты просяць у праваслаўнай царквы.
На ліст, дасланы ў кампанію «Русские сладости», быў атрыманы адказ, падпісаны генеральным дырэктарам, што «дэмантаж названага крыжа ў ходзе будаўніцтва не плануецца, будаўнічыя работы ў названым лесе таксама не будуць праводзіцца». «Наша кампанія падтрымлівае імкненне захаваць памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій сярод мірнага насельніцтва Гомельшчыны і падзяляе Вашу заклапочанасць з гэтай нагоды»,— напісаў актывістам генеральны дырэктар «Русские сладости» Аляксандр Князеў.
Ён дадаў, што кіраўніцтва расійскай кампаніі пры будаўніцтве лагістычнага цэнтру атрымала ад мясцовай улады ўсе неабходныя дазволы і ўзгадненні, і будаўніцтва вядзецца згодна заканадаўству.