viasna on patreon

Гомель: Толькі праз год незаконна асуджаны ўрач-псіхіятр змог дамагчыся кампенсацыі матэрыяльнай шкоды

2013 2013-07-09T14:44:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Практычна год дамагаўся праз суды кампенсацыі матэрыяльнай шкоды гомельскі ўрач-псіхіятр, які быў незаконна асуджаны і адбываў пакаранне ў месцах пазбаўлення волі за злачынства, якое не здзяйсняў.

Нагадаем, што ў дачыненні да Яўгена Дзедушкіна суд двойчы выносіў абвінаваўчыя прысуды, якія пасля адмянялі. Толькі пасля трох гадоў следства, судовых пасяджэнняў ён дамогся перагляду сваёй крымінальнай справы і апраўдання, страціўшы здароўе, працу і рэпутацыю. У СІЗА малады чалавек прабыў 398 дзён, больш за год.

Улетку 2008 года невядомы некалькі разоў падпальваў гаражы ў Навабеліцкім раёне Гомеля. На месцы падпалаў быў затрыманы ўрач-псіхіятр. Ён жыў побач і, паводле яго слоў, убачыўшы пажар, прыйшоў з цікаўнасці на месца здарэння. Міліцыя затрымала яго, абвінаваціўшы ў здзяйсненні падпалаў. Суд прызнаў лекара вінаватым у падпалах і пакараў пазбаўленнем волі на чатыры гады.

Па заканчэнні трох гадоў, у сакавіку 2011-га, судовая калегія Гомельскага абласнога суда цалкам апраўдала былога ўрача, з яго знялі ўсе абвінавачванні. Ён апраўданы з фармулёўкай «у сувязі з недаказанасцю віны».

У ліпені 2012 году абласны суд прызнаў права Яўгена Дзедушкіна на атрыманне кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды. 23 кастрычніка 2012 году суд Чыгуначнага раёна Гомеля вынес рашэнне па грамадзянскай справе: дзяржава павінна выплаціць 50 мільёнаў рублёў – грашовую кампенсацыю маральнай шкоды, атрыманай у выніку незаконнага асуджэння і адбыцця пакарання. Тыя грошы, 50 мільёнаў, Яўген Дзедушкін атрымаў. Але справа з кампенсацыяй матэрыяльнай шкоды працягвалася амаль год. Спачатку суд прызнаў, што дзяржава (казна РБ) павінна выплаціць незаконна асуджанаму кампенсацыю матэрыяльнай шкоды з улікам індэксацыі – каля 20 мільёнаў рублёў. Міністэрства фінансаў не згадзілася з такім рашэннем суду, і абскардзіла яго. Па меркаванні прадстаўнікоў Міністэрства фінансаў, яны павінны выплаціць матэрыяльную шкоду без індэксацыі, у памеры не каля 20 мільёнаў, а ўсяго толькі восем. Больш таго, прадстаўнікі казны выказаліся, што частку юрыдычных паслуг (за якія і патрабаваў кампенсацыю Дзедушкін) аплаціла яго маці, таму гэта не будзе кампенсавана.

Судовыя паседжанні цягнуліся ў розных інстанцыях з верасня 2012 году. Нарэшце, у канцы чэрвеня Гомельскі абласны суд усё-такі стаў на бок Яўгена Дзедушкіна і пастанавіў выплаціць яму кампенсацыю матэрыяльнай шкоды ў поўным аб'ёме, з індэксацыяй, а гэта каля 23 мільёнаў рублёў. Дадзенае рашэнне ў пачатку ліпеня ўступіла ў сілу.

«У турму трапіць лёгка, нават невінаватаму чалавеку. А атрымаць кампенсацыю з дзяржавы за незаконнае адбыццё пакарання – вельмі складана. Я яшчэ пакуль і не ўпэўнены, што змагу атрымаць гэтыя грошы, бо казна можа зноў нешта затрымаць, ці абскардзіць рашэнне суду», - пракаментаваў былы абвінавачваемы.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства