Барозу: Нармалізацыя адносін — пасьля вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў
Старшыня Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэл Барозу падчас візыту ў Літву даў
інтэрвію газэце Lietuvos rytas. Поўны пераклад інтэрвію на
беларускую апублікавала «Наша ніва».
Прапануем вам
фрагмэнт інтэрвію, які тычыцца будучага саміту Ўсходняга партнэрства і
стасункаў Эўразьвязу з Беларусьсю.
ЛР: Ці
варта чакаць у бліжэйшай будучыні сур’ёзных зьменаў у ходзе рэалізацыі праграмы
«Усходняга партнэрства»?
Барозу: Сустрэча на найвышэйшым узроўні Усходняга партнэрства, якая
адбудзецца ў лістападзе ў Вільні, будзе важным мерапрыемствам. Эўракамісія
спадзяецца падпісаць дамову аб асацыяцыі з Украінай і першасныя дамовы аб
асацыяцыі з Малдовай, Грузіяй і Армэніяй. Дасягненьне гэтых пагадненьняў —
сапраўдная трансфармацыя Ўсходняга партнэрства. Вядома, для таго, каб гэтыя
намеры былі ажыцьцяўленыя, патрэбная цьвёрдая гатоўнасьць нашых партнэраў
рэалізаваць абяцаныя рэформы. Гэта галоўная ўмова складаньня, падпісаньня і
ратыфікацыі гэтых дамоваў.
ЛР: Якія,
на вашу думку, шанцы Ўкраіны стаць чальцом ЭЗ, калі, вядома, яны ўвогуле ёсьць?
Барозу: З Украінай нас зьвязваюць
мэты дасягненьня палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі. Палітыка
Ўсходняга партнэрства прапануе такі фармат адносінаў усім партнэрам. Аднак
узаемадзеяньне павінна грунтавацца на павазе да агульных каштоўнасьцяў, такіх
як дэмакратыя, правы і асноўныя свабоды чалавека, а таксама празрыстасьць
судовай сыстэмы дзяржавы. Спадзяемся, што Ўкраіна да лістапада прыйдзе да таго,
каб адпавядаць крытэрам, якія яшчэ ў сьнежні былі ўстаноўленыя Радай замежных
справаў. Гэта адпаведнасьць забясьпечыла б незваротнасьць працэсу рэформаў.
ЛР: Якія
ўмовы Эўразьвяз ставіць Беларусі, каб усталяваць з гэтай краінай больш шчыльныя
адносіны?
Барозу: Разьвіцьцё двухбаковых адносінаў ЭЗ і Беларусі залежыць ад
дэмакратызацыі і мадэрнізацыі інстытутаў улады Беларусі. Мадэрнізацыя павінна
закрануць сыстэмы захаваньня правоў чалавека і правасудзьдзя. Нельга
нармалізаваць адносіны з рэжымам, калі ня будуць вызваленыя і рэабілітаваныя
ўсе палітычныя зьняволеныя. ЭЗ хоча дапамагчы Беларусі ажыцьцявіць усе яе міжнародныя
абавязальніцтвы ў гэтай сфэры.
Мы падтрымліваем
сувязі зь беларускімі інстытутамі ўлады на ўзроўні міністраў і службовых асобаў
і з грамадзянскай супольнасьцю, у асноўным у рамках праграмы «Эўрапейскі дыялёг
аб мадэрнізацыі».