viasna on patreon

“Ніякае дабрадзейснае дзеяньне не зьяўляецца такім самым дабрадзейсным у вачах нашых сяброў і нашых ворагаў, якім яно ўяўляецца нам самім”

2013 2013-07-11T12:27:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki-2007.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH, кіраўнік ПЦ "Вясна"

Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH, кіраўнік ПЦ "Вясна"

Праваабаронца-палітвязень Алесь Бяляцкі разважае над пытаньнем узаемадачыненьняў “правы чалавека - ўлада” ў ліставаньні з Настай Лойка. Гэтае пытаньне абмяркоўваецца ў межах адукацыйнай праграмы “Правы чалавека на пальцах”, трэнерам якой зьяўляецца Наста. І вось яна зьвярнулася да аўтарытэтнага калегі, каб даведацца яго меркаваньне пра тое, як павінны будавацца стасункі з уладай у працы праваабаронцаў, якія імкнуцца зрабіць гэтую ўладу лепшай і больш чалавечнай.

“Наконт твайго пытаньня пра ўзаемаадносіны правоў чалавека і ўлады, наколькі і як яны стасуюцца паміж сабой (бо на гэты конт, як ты пішаш, існуюць розныя пункты погляду), скажу адразу, што прыроджанага антаганізму я ня бачу. Я сыходжу з таго, што ў чалавеку адначасна прысутнічае імкненьне да ўладкаванасьці і справядлівасьці. Можа быць таму, што такія ўладкаваныя сістэмы, як сям’я, род, племя, саюз плямёнаў і ўрэшце дзяржава, былі  больш канкурэнтназдольнымі, давалі больш шанцаў на выжываньне. Можа таму, што рэлігійныя ўяўленьні людзей прымушалі задумвацца над такімі маральнымі пытаньнямі, як міласэрдзе, спачуваньне і ўрэшце – справядлівасьць. А можа таму, што яны ёсьць у чалавечай душы ад самага пачатку.

Узаемаадносіны паміж нашымі продкамі (эканамічныя, сацыяльныя, грамадзкія, маральныя) абумоўліваліся напачатку звычаёвым правам – кодэксам няпісаных правілаў. У першых беларускіх дзяржаўных утварэньнях звычаёвае права паступова пераўтваралася ва ўсталяваныя прававыя нормы, ухваленыя, зацьверджаныя і запісаныя. Асноўнае іх прызначэньне было з улікам шматлікіх “але” – каб усё было па справядлівасьці. Яны ўладкоўвалі і ўпарадкоўвалі жыцьцё чалавека па тагачасных уяўленьнях справядлівасьці, рабілі яго аб’ектыўна роўным. А калі камусьці давалася больш, то з яго больш і патрабавалася.

Сёньняшнія сістэмы кіраваньня ў сьвеце па сутнасьці маюць такія ж мэты і задачы – стварыць па сучасных уяўленьнях справядлівую грамадзкую сістэму, якая б была ўніверсальнай для кожнага грамадзяніна.

У час асьветніцтва ў XVIII стагоддзі былі ясна сфармуляваныя і прадэклараваныя правы чалавека, якія б мусіла праз прававую сістэму бараніць дзяржава. Яны не былі нейкім імгенным адкрыцьцём, а выпрацоўваліся, прагаворваліся, нараджаліся ў палеміцы, філасоўскі абгрунтоўваліся напрацягу стагоддзяў. І ў асноўным яны адпавядаюць хрысьціянскаму разуменьню ўладкаваньня сьвету. Такім чынам правабарончыя нормы выходзілі з заканадаўства розных краінаў.

Часам яны апярэджвалі разьвіцьцё грамадзтва, былі больш прагрэсіўныя за рэальны стан грамадзкіх адносінаў у дзяржаве. Як прыклад – Канстытуцыя ЗША, якая давала роўныя правы ўсім грамадзянам ЗША. Але толькі праз 70 гадоў, перажыўшы грамадзянскую вайну, краіна здолела адмяніць рабства і такім чынам распаўсюдзіць дзеяньне канстытуцыі на ўсіх жыхароў. Тое ж тычыцца і Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якая была абвешчаная падчас існаваньня лютых таталітарных рэжымаў і каланіяльнай сістэмы.

Роўнасьць людзей зьяўляецца фундаментальнай каштоўнасьцю хрысьціянства. Таму часта рэфарматарамі грамадзтва выступалі хрысьціянскія дзеячы. Так было і ў Беларусі ў другой палове XVIII стагоддзя, калі менавіта каталіцкія сьвятары, базуючы свае грамадзкія погляды на рэлігійнай філасофіі і Бібліі, выступалі за адмену прыгону, за скасаваньне розных станаў у грамадзтве, за роўнасьць чалавека ня толькі перад Богам, але і перад дзяржаваю, перад законам.

Можна задацца пытаньнем, чаму ж тады чалавек дасюль не пабудаваў цалкам справядлівае грамадзтва? І тут я пагаджуся з амерыканскім хрысьціянскім філосафам нямецкага паходжаньня Густавам Нібурам. Хрысьціянства вельмі наглядна паказвае, апісвае і тлумачыць вечны антаганізм, які існуе ў чалавечай прыродзе, дзе цяга да справядлівасьці, да дасканаласьці спалучаецца з хібамі і вадамі чалавечай натуры. І гэта асноўны, несканчальны і хіба што невырашальны антаганізм. Густаў Нібур сьцьвярджае, што хоць чалавек і імкнецца да дасканаласьці, але ён ніколі ня будзе дасканалы. Чалавек імкнецца да справядлівасьці, але жаданьне чалавека рабіць дабро пераўтвараецца ў імкненьне да самаўладдзя, толькі калі яно ня будзе абмежавана маральнымі, прававымі, фізічнымі сродкамі.

Гісторыя вучыць нас і паказвае, як розныя скрайнія палітычныя дактрыны спрабавалі дзеля дасягненьня справядлівасьці, у іхнім разуменьні, для адной расы (фашысты) ці адной сацыяльнай групы (камуністы) адкінуць правы чалавека, пагардзіць імі, абвесьціць ім бой. І гэта прыводзіла да катастрафічных наступстваў, да зьнішчэньня паводле тых ці іншых крытэраў мільёнаў людзей.

Такім чынам, шляхам бясконцых памылак і шматлікіх трагедыяў чалавецтва ўсё ж прыйшло да высновы, што менавіта дэмакратычны дзяржаўны лад забясьпечвае найбольш правоў грамадзянам. Прычым найлепш працуе сістэма з механізмамі кантролю і супрацьвагаў: падзелам заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў, з законамі і механізмамі, якія б баранілі правы грамадзянаў, якія б аднолькава роўна распаўсюджваліся на ўсіх, з незалежнымі СМІ і няўрадавымі арганізацыямі. Дзяржаўная сістэма мусіць даць максімум правоў грамадзяніну і максімальна абмежаваць жаданьне таго ці іншага перацягнуць коўдру на сябе. Яны павінны забясьпечыць справядлівасьць у грамадзтве. Густаў Нібур сьцьвярджае, што дэмакратычная форма кіравньня зьяўляецца найлепшым сродкам абароны справядлівасьці ад сквапнасьці людзей. Дэмакратыя ўлічвае недахопы і слабасьці чалавека і імкнецца захаваць ад іх справядлівасьць.

Але ж практычна не заўсёды дэмакратычныя механізмы спрацоўваюць, і тады слабасьць чалавечай натуры – хцівасьць, сквапнасьць, пыха, пагарда, інтарэсы вузкіх груповак людзей - бярэ гору.

Тады на сцэну выступаюць дадатковыя механізмы грамадзкага кантролю, такія, як сродкі масавай інфармацыі, грамадзкія арганізацыі, у тым ліку праваабарончыя. Ва ўзаемаадносінах чалавек-права-улада праваабаронцы выступаюць у якасьці захавальнікаў эталону: як яно павінны быць насамрэч, як ня так, як яно ёсьць. Адна з нашых мэтаў – зрабіць гэтыя ўзаемаадносіны больш дасканальнымі і гарманічнымі. Мы зьвяртаемся да лепшага ў кожным чалавеку. Мы імкнемся, каб нашае грамадзтва было больш чалавечным і справядлівым.

Праваабаронцы павінны даваць сабе справаздачу ў тым, што мы таксама недасканалыя, мы можам памыляцца і мы не зьяўляемся ісьцінай у апошняй інстанцыі.

Насамрэч кола добраахвотна ўскладзеных на сябе абавязкаў у праваабаронцаў большае і шырэйшае. Мы ня толькі дамагаемся больш дакладнай працы ўлады, паляпшэньня і прыняцьця новых законаў, існаваньня незалежнай і аб’ектыўнай судовай сістэмы. Мы таксама выступаем і змагаемся за паляпшэньне ўсіх іншых механізмаў, якія спрыяюць універсальнасьці правоў чалавека і большай справядлівасьці. Мы ня толькі выступаем у ролі жорсткіх крытыкаў, грамадзкіх назіральнікаў і народных кантралёраў. Мы працуем непасрэдна з грамадзтвам, працуем нефармальна, хутка рэагуем на балючыя праблемы, займаемся адукацыяй у галіне правоў чалавека.

Праца з грамадзтвам ня менш важная за працу з уладай. Асабліва калі грамадзтва цягам некалькіх пакаленьняў было пазбаўлена праваабарончых арыентыраў і выхоўвалася ў атачэньні фальшывых сацыяльных, культурных, грамадзкіх і ідэалагічных міфаў, дзе правы чалавека лічыліся непатрэбнымі, а абарона правоў чалавека – злачынствам.

Разумнае, адукаванае, адказнае грамадзтва – падстава агульнага посьпеху.

Перавага няўрадавых, у тым ліку і праваабарончых, арганізацый – у цеснай сувязі з людзьмі. У нейкім сэнсе мы й ёсьць грамадзтва, таму мы адэкватна разумеем патрэбы грамадзтва. Мы фармулюем гэтыя патрэбы, робім іх больш яснымі і выразнымі і для грамадзтва і для ўлады. Такім чынам, правабаронцы выступаюць у якасьці, хутчэй, незалежных аўдытараў.

Праваабаронцам важна, каб улада імкнулася да справядлівасьці, каб як мага больш людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе, падзяляла каштоўнасьці правоў чалавека. Чым больш дасканалая сістэма абароны правоў чалавека праз дзяржаўныя механізмы, тым больш партнёрскія адносіны паміж уладай і праваабаронцамі.

Перавага праваабаронцаў над палітыкамі заключаецца ў тым, што мы пазбаўленыя жорсткай дылемы выбару паміж дрэнным і зусім дрэнным, якую часта палітыкі мусяць вырашаць у сваёй дзейнасьці. Але нам заўсёды трэба мець на ўвазе, што “белыя адзеньні” праваабаронцаў насамрэч не такія ўжо і белыя.

Разуменьне недасканаласьці гэтага сьвету прымушае нас рухацца наперад, бо мы верым, што гэты сьвет можа быць лепшым. І скончыць свой адказ на тваё пытаньне мне хочацца цытатаю з таго ж філосафа Густава Нібура: “Нішто, што варта было б рабіць, ня можа быць дасягнута пры жыцьці. Нічога з таго, што мы робім, нават самае дабрадзейснае, ня можа быць зьдзейсьненае ўадзіночку. Ніякае дабрадзейснае дзеяньне не зьяўляецца такім самым дабрадзейсным у вачах нашых сяброў і нашых ворагаў, якім яно ўяўляецца нам самім”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства